Сямейны рэйс. Ці дапамагаюць камбайнерам сямейныя адносіны дасягаць вартых вынікаў

Сёлета на жніўных палях Ляхавіччыны працуе сем сямейных экіпажаў. «ЛВ» пацікавіўся ў хлебаробаў, ці дапамагаюць сямейныя адносіны дасягаць вартых вынікаў.

Прозвішча Граблюк не раз упрыгожвала жніўную дошку гонару.
Генадзій Граблюк з СВК «Ляхавіцкі» з дачкой Мартай на жніве, можна сказаць, прафесіяналы. У Генадзія сельскагаспадарчы сезон заканчваецца зімой, і тады ён перасаджваецца на пагрузчык. А вясной зноў па-новай. І да тэхнікі ставіцца, як да ўласнай, ашчадна і адказна. Гэтаму ж навучыў і Марту, якая першы свой вопыт памочніка камбайнера атрымала ў 22 гады. Сёлета ў яе на ўборцы сёмы сезон.
Марта свой працоўны водпуск праводзіць не ў паўднёвых краінах: змяняе пасаду інжынера па падрыхтоўцы кадраў у лясгасе на магчымасць папрацаваць разам з бацькам. Не падлічыць, колькі за гэтыя гады засыпана збожжа ў бункеры, колькі кіламетраў наезджана, але ў памяці застаецца першы раз, калі села за штурвал магутнага «ДжонДзіра», і як не адпускала думка – толькі не падвесці і справіцца. Усё атрымалася, тым больш механізатары падтрымлівалі і ва ўсім дапамагалі. Ніхто з іх не сказаў, што жніво не жаночая справа. А статус тысячнікаў у працоўнай біяграфіі Граблюкоў таму пацвярджэнне. Марта з лёгкасцю падмяняе старшага камбайнера і дапамагае ў рамонце. Зараз Граблюкі ўбіраюць рапс, і іх сямейны экіпаж зноў сярод лепшых.

Старшым камбайнерам Яраслаў Пабягайла з  ААТ «Жарабковічы» стаў, калі яшчэ вучыўся ў Жыровіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы і быў на практыцы. Сёлетняе жніво трэцяе ў яго працоўнай біяграфіі. Тры месяцы назад дэмабілізаваўся з тэрміновай службы ва Узброеных Сілах. І адразу ў працоўны бой. На камбайне «КЗС-1218» Яраслаў працуе разам з братам Уладзіславам, для якога гэты сезон у якасці памочніка камбайнера першы. Браты адзін аднаго разумеюць з аднаго позірку, машыну адчуваюць, як свае легкавыя аўто. Па-за жнівом Уладзіслаў працуе механікам, а Яраслаў шчыруе на трактары. Акрамя ўборачнай, у яго на парадку дня і паступленне ў БарДУ на інжынерную спецыяльнасць.
Сёння стаіць задача ўбраць хлеб якасна і ў тэрмін. Таму, калі дазваляе надвор’е, браты ў полі да змяркання, працуюць зладжана і без перапынкаў. На іх рахунку ўжо 325 тон збожжа з паўсотні гектараў.

Сяргей і Уладзіслаў Ваўчкі

Майстар лесу Востраўскага лясніцтва Сяргей Ваўчок звычайна водпуск праводзіць у кабіне камбайна – дапамагае мясцовай гаспадарцы. І так ужо 29-ы сезон. А сёлета выйшаў на жніўнае поле СУП «Ліпнянка» ў кампаніі 17-гадовага сына Уладзіслава, які на канікулах пажадаў прадоўжыць сямейную жніўную дынастыю. У БНТУ юнак вучыцца па спецыяльнасці «арганізацыя дарожнага руху і транспартнае планаванне», падкрэслівае, што палявая практыка
будзе плюсам для асабістага вопыту. Раніцай у яго абавязках правесці перадрэйсавую падрыхтоўку камбайна, ды і падчас маршруту быць напагатове. Бацька падрабязна акрэсліў усе нюансы дзейнасці, і зараз кожны адказна выконвае сваю работу. На камбайн Уладзіслаў з цікавасцю паглядаў яшчэ з пачатковых класаў, і бацька з задавальненнем дзяліўся сакрэтамі справы. Сёлета юнак атрымаў правы трактарыста і можа падмяніць свайго напарніка. Каб камбайн працаваў без збояў, Ваўчкі пачалі яго рыхтаваць напрыканцы красавіка. І сёння іх прозвішчы заслужана гучаць сярод лепшых сямейных экіпажаў.

Яўгеній і Віталій Саган


Дажджлівы дзень старшы камбайнер СУП «Ліпнянка» Віталій Саган разам з сынам Яўгеніем выкарысталі для тэхнічнага абслугоўвання свайго жалезнага сябра. Робяць гэта спраўна і аператыўна. Як толькі падсохне зерне, яны ўжо ў полі. Для Віталія жніўныя маршруты пачаліся з 15-гадовага ўзросту. Летась хлебаробскую навуку перадаваў сыну Івану, а сёлета «першакурснікам» стаў Жэня. Калі сезон заканчваецца, камбайнер перасаджваецца на «Амкадор».
Аляксандр і Дзмітрый Пінчукі з ААТ «Шлях новы» з раніцы да ночы шчыруюць на новым камбайне «КЗС GS2124» і не нарадуюцца яго тэхнічным характарыстыкам: і жатка вялікая, і магутны…
Для Дзімы сумесная праца з бацькам – вопыт новы, але прыемны. Своеасаблівы майстар-клас, хаця памочнік камбайнера тры гады назад пасля заканчэння Клецкага каледжа прымаў удзел ва ўборачнай. І за руль сядзе, і «падлечыць» агрэгат, і праманіторыць след пасля камбайна. Узаемаразуменне ў бацькі з сынам поўнае. На маршруце Пінчукоў палі каля Конек, Кавалёў, Літвы і г. д., а намалот каля трох сотняў тон.
З шасці экіпажаў у СУП «Белазем’е» адзін – сямейны.Трэці сезон разам за штурвалам «КЗС-1218» бацька і сын Аляксандр і Ігар Буйкевічы. Працоўны стаж старшага камбайнера ў сельскай гаспадарцы больш за два дзесяцігоддзі. Вопыт і сямейнасць дапамагаюць экіпажу ўтрымліваць у гаспадарцы перадавыя пазіцыі. Сын у якасці слесара бярэ значную частку работы на сябе. Зжалі рапс, перайшлі на збожжавыя.

Аляксандр і Сяргей Цімашкі


Сярод перадавікоў у ААТ «Шлях новы» ды і ў раёне – Аляксандр і Сяргей Цімашкі. Пра выніковы тандэм бацькі і сына «ЛВ» пісаў у адным з нумароў. З таго часу яны працягваюць знаходзіцца на першых радках жніўнай зводкі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВИЧА.