Асцярожна! На шляху – канава. Чарговы званок на гарачую лінію раёнкі паступіў ад ляхавічанкі

Чарговы званок на гарачую лінію раёнкі паступіў ад ляхавічанкі і тычыўся ён небяспечнага ўчастка на скрыжаванні вуліц Мінскай і Дзесюкевіча, дзе знаходзіцца сцёкавая ліўневая канава.

Па словах заяўніцы, гэта месца небяспечнае: там адсутнічае агароджа. У цёмны час сутак ці ў халоднае снежнае надвор’е можна паслізнуцца ці ўпасці ў канаву, не заўважыўшы месца выступу. Хутка пачнецца чарговы навучальны год, дзеці пойдуць у школу (каля гэтага небяспечнага ўчастка пралягае адзін з маршрутаў у СШ № 1). Ляхавічанка цікавіцца, ці магчыма паставіць хоць невялікую агароджу, каб не дапусціць няшчаснага выпадку.
Дарэчы, гэта не першы зварот у рэдакцыю па дапамогу ў вырашэнні праблемы. Аналагічны запыт паступіў і ў лістападзе мінулага года. Як патлумачылі ў камунгасе, для бяспекі людзей пешаходныя дарожкі ўздож вуліцы Мінскай і Дзесюкевіча ў зімовы сезон пасыпаюцца салянай сумессю, уладкаваны і тратуары.
Сёння на гэтым месцы яшчэ больш разбіта тратуарная плітка, павялічыліся ямы-ўпадзіны. Трывожна ў плане бяспекі. Ды і ў знешнім выглядзе далёка да парадку. «ЛВ» зноў звярнуўся за каментарыем у Ляхавіцкую ЖКГ.
– Праблему ведаем і працуем над яе вырашэннем. Як толькі з’явіцца дадатковае фінансаванне, будзе разгледжаны варыянт устаноўкі на ўказаным месцы агароджы. Акрамя таго, па меры неабходнасці, наводзім і падтрымліваем там парадак. Просьба да пешаходаў быць уважлівымі, – адзначыў першы намеснік дырэктара – галоўны інжынер КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Ігар Шырэй.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.