Пра год навучальны. На прамой тэлефоннай лініі «ЛВ» працавала начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама

Хутка новы 2023/2024 навучальны год пакліча першавераснёўскім званком хлопчыкаў і дзяўчынак з летніх канікулаў . Якім ён будзе, якія новаўвядзенні прынясе, – на гэтыя і іншыя пытанні падчас прамой тэлефоннай лініі «ЛВ» адказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана ЯКУБОЎСКАЯ.

Святлана Канстанцінаўна, хоць мае дзеці і дарослыя, але заўсёды з цікавасцю сачу за вынікамі паступлення мясцовых выпускнікоў. Як справы сёлета?
Галіна Іванаўна.

– Усе шэсць нашых залатых медалістаў у спісах студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў краіны. Паступілі ў ВНУ і дыпламанты алімпіяд. Нашы выпускнікі паспяхова здалі і новаўведзены цэнтралізаваны экзамен – 39 вынікаў маюць ад 80 да 100 балаў.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Для колькіх навучэнцаў на Ляхавіччыне 1 верасня прагучыць школьны званок?

– Новы навучальны год сёлета пачнецца амаль для 2 500 навучэнцаў, з якіх больш за 230 чалавек – першакласнікі. Установы дашкольнай адукацыі наведваюць 670 дзяцей.

Раёнка раней пісала, што з новага навучальнага года школьнікаў будуць карміць па-новаму. Раскажыце пра гэта больш падрабязна.
Вольга, Ляхавічы.

– З 1 верасня ў школах краіны стартуе пілотны праект Міністэрства адукацыі па арганізацыі харчавання «Новае меню». Сем школ нашага раёна таксама задзейнічаны ў эксперыменце: СШ № 1 і СШ № 2, гімназія, Востраўская, Навасёлкаўская, Малагарадзішчанская і Жараб-
ковіцкая школы.
Міністэрства адукацыі распрацавала «Новае меню» дзеля ўдасканалення харчавання дзяцей у школах. На сёння меню, у якім 16 новых страў, ужо ўзгоднена з райЦГіЭ. Істотнае адрозненне ад ранейшага ў тым, што пры распрацоўцы ўлічваліся пажаданні дзяцей. Для гэтага ў школах напрыканцы навучальнага года праводзілася адпаведнае анкетаванне.
У «Новым меню» прадугледжаны розныя варыянты арганізацыі харчавання. Тым навучэнцам, якія знаходзяцца ва ўстанове адукацыі ад трох з паловай да шасці гадзін, будзе прадастаўлены абед. Для тых, хто наведвае групу падоўжанага дня (знаходзіцца ў школе больш за 10 гадзін) прадугледжана трохразовае харчаванне: абед, падвячорак і вячэра. Так было і раней. Змяняюцца стравы, якія падаюцца на абед. Акрамя супу, будуць салаты, шашлычок, нагетсы, пельмені, піца, мітболы з сырам, медальёны з птушкі і іншыя стравы. Наконт салатаў. Яны ці са свежай агародніны, ці такія, што любяць дзеці. Напрыклад, з крабавымі палачкамі ці салат «Як дома» па тыпе вядомага аліўе, у якім замест каўбасы – свініна. Варыятыўнасць назіраецца і ў напітках: кампот «Фантастык» (з апельсінаў), кісель з соку з цукрам, какава «Чабурашка» і г. д. На падвячорак – фрукты і іншае.
Харчавацца дзеці будуць не раней чым праз 2-2,5 гадзіны знаходжання ў школе – каб нагуляць апетыт.
Для новага меню кропкава набыта тэхналагічнае абсталяванне: параканвектаматы, машыны для перапрацоўкі агародніны, слайсеры, міксеры і г. д. З мэтай вывучэння меркаванняў па ўвядзенні новых прынцыпаў арганізацыі харчавання і для іх удасканалення харчаванне будзе пастаянна маніторыцца, праводзіцца анкетаванне дзяцей і іх бацькоў. Важна, што па-ранейшаму захоўваецца дзяржаўная датацыя для льготных катэгорый. Плюс – бясплатна працягваюць харчавацца вучні пачатковых класаў і вясковыя школьнікі.
Дарэчы, і ў тых школах, дзе пакуль не працуе пілотны праект, таксама ў меню ўведзены новыя стравы. Усё накіравана на тое, каб дзеці з’ядалі прыгатаванае і пакідалі пустыя талеркі. Гэта і змяншэнне адходаў, і эканомія грошай на харчаванне.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Давайце спынімся на ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі…

– На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года з раённага бюджэту выдаткавана каля 350 тысяч рублёў. Сярод шматлікіх абновак і новы аўтобус для падвозу навучэнцаў у СШ № 1.
У раёне ва ўстановы адукацыі 17 школьнымі аўтобусамі і адным спецаўтобусам (для перавозкі дзяцей-інвалідаў) падвозяцца з розных населеных пунктаў больш за 500 хлоп-
чыкаў і дзяўчынак.

У мяне два школьнікі. Хвалюе, ці ва ўсіх школах раёна будзе ўведзены другі элемент школьнай формы?
Таццяна Пятроўна.

– Канешне, патрабаванні адзіныя для ўсіх. Дзяржаўным школьным стандартам, адобраным Пастановай калегіі Міністэрства адукацыі, устаноўлена, што навучэнцы абавязаны прытрымлівацца дзелавога стылю адзення, прызначанага для наведвання імі навучальных заняткаў ва ўстановах адукацыі з улікам агульных аднолькавых элементаў адзення. Таму з 1 верасня і ў школах Ляхавіччыны з улікам іх спецыфікі і традыцый будзе ўведзены другі элемент школьнага адзення. Выбіралі яго шляхам анкетавання бацькі, дзеці і педагогі па ўзгадненні з адміністрацыяй школ. У СШ № 2, напрыклад, будуць чорныя камізэлькі, у СШ № 1 – сінія, у гімназіі ў залежнасці ад узросту – зяленыя, бардовыя і сінія камізэлькі. У Начаўскай СШ знешні выгляд усіх навучэнцаў дапоўняць значкі, а хлопчыкаў выдзеляць чорныя штаны, дзяўчынак – чорныя сарафаны. У Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча вызначыліся з белым верхам, чорным нізам і чорнымі камізэлькамі, у Навасёлкаўскай СШ – камізэлькамі цёмна-сіняга колеру.

У Задвор’і закрылі дзіцячы сад, ці працаўладкаваны яго работнікі, і што будзе з дзецьмі?

– Адразу назаву прычыну закрыцця дашкольнай установы: па стане на канец мінулага навучальнага года, на 12 працаўнікоў прыходзілася пяць дзяцей. Мэтазгоднасць закрыцця відавочная. Усе работнікі працаўладкаваны ў адпаведнасці з іх кваліфікацыяй у іншыя ўстановы адукацыі раёна ці на мясцовыя прадпрыемствы. Для дзетак арганізаваны падвоз у бліжэйшыя ўстановы адукацыі.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Якія новаўвядзенні ў адукацыйным працэсе чакаюць школьнікаў у 2023/2024 навучальным годзе?

– У курс навучальнага матэрыялу па гісторыі Беларусі для
IX і XI класаў уключана тэма аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Гэта зроблена на падставе новых матэрыялаў па выніках расследавання Генпракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Ва ўсіх школах раёна аформлены тэматычныя стэнды, у некаторых – музейныя куткі.
У СШ № 2, напрыклад, у музеі баявой і працоўнай славы маецца асобная тэматычная экспазіцыя.
Сёлета ў школах раёна плануецца адкрыць профільныя класы. У СШ № 2 – спартыўны і педагагічны. Прадоўжаць работу аграрныя групы ў СШ № 1, Жарабковіцкай СШ. Інжынерная група з’явіцца ў гімназіі, профільныя групы ваенна-патрыятычнай накіраванасці арганізаваны ва ўсіх установах адукацыі горада.
У гарадскіх і Ліпскай СШ плануецца арганізацыя вывучэння некаторых вучэбных прадметаў на павышаным узроўні.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Ці папоўняць сёлета калектывы школ і дзіцячых садоў маладыя спецыялісты?

– Так, для дзесяці маладых спецыялістаў школы раёна стануць першым працоўным месцам. Прыйшлі настаўнікі хіміі і біялогіі, замежнай мовы, геаграфіі, рускай і беларускай моў. Прыступяць да працы педагог-псіхолаг і інжынер-праграміст.

На прамой лініі працавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.