Ляхавіцкія выратавальнікі пабывалі ў аздараўленчым лагеры «Чайка»

У рамках рэспубліканскай акцыі «Канікулы без дыму і агню!» і акцыі «За здаровае і бяспечнае лета» прафілактычнага праекта «Ляхавічы – здаровы горад» спецыяліст Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Юлія Лешык сумесна з інструктарам-валеолагам  раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталляй Юруць і сацыёлагам Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святланай Мазур сустрэліся з рабятами, якія адпачываюць у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Чайка» .


Падчас сустрэчы работнік МНС расказала  пра бяспеку падчас летніх канікул, магчымыя небяспекі і пра тое, як іх пазбегнуць. Размова ішла і  пра правільныя паводзіны ў быту і ў лесе, падчас навальніцы. Пільная ўвага нададзена  і тэме дзіцячага свавольства з агнём. Таксама прадстаўнік РАНС расказала  хлопчыкам і дзяўчынкам пра  правілы бяспечных паводзін на вадаёмах у перыяд летніх канікул, прывяла выпадкі гібелі дзяцей на вадзе.
З мэтай замацавання ведаў дзяцей па пажарнай бяспецы, навучання правільным паводзінам падчас узнікнення пажару Юлія Вячаславаўна правяла з імі віктарыну па дадзенай тэматыцы і гульню «Нумары экстраных службаў».

У працяг тэмы бяспекі сацыёлаг Святлана Алегаўна правяла прафілактычную гутарку з дзецьмі аб правілах здаровага ладу жыцця: пра шкоду курэння для маладога арганізма, аб правільным харчаванні, неабходнасці займацца спортам.
Пасля гэтага прысутныя пазнаёміліся з пажарнай тэхнікай і спецабсталяваннем, а ў завяршэнне для іх правялі водную феерыю.

Выхавальнікі прайшлі інструктаж-практыкум па дзеяннях у выпадку небяспекі і з імі адпрацавалі дзеянні па карыстанні вогнетушыцелем.