Добры вечар з «Вечарніцай»

У тым, што Ляхавіччына – край гасцінны, нікога пераконваць не трэба. Мінулагодні абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі” стаў чарговым сведчаннем гэтага: Ляхавічы і ляхавічане хлебасольна сустракалі шматлікіх гасцей. А на ўездзе ў райцэнтр з бігборда усмешкай віталі усіх і сёння, дарэчы, таксама ўдзельнікі клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК.

“Вечарніца” добра знаёмая не толькі землякам. Гэты самабытны творчы калектыў – заўсёдны ўдзельнік фестываляў, конкурсаў, фальклорных святаў і справа-здачных канцэртаў, якія праходзяць на розных сцэнічных пляцоўках Брэстчыны. Абласны фестываль народнага гумару “Спораўскія жарты”, святы “Ляці, наша песня”, “Берасцейскія забаўлянкі”, “Захапленні на любы густ” – далёка не поўны пералік конкурсаў-аглядаў, адкуль “Вечарніца” вярталася дамоў з дыпломамі пераможцаў. Не толькі на другіх паглядзець, але і сябе паказаць змаглі самадзейныя артысты і ў сталіцы – горадзе-героі Мінску на “Залатым кірмашы”.

У таленавітых артыстаў з Навасёлак атрымалася знайсці ключык да душы слухача. Яны кожнае выступленне ператвараюць у міні-спектакль, дзе знаходзіцца месца і песні, і танцу, і народнаму гумару. Іх вылучае тонкае пачуццё гумару і яскравая манера выканання. Калектыў не перастае быць цікавым і запатрабаваным на працягу больш як 20 гадоў.

Рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у апошні дзень 2013 года клубу аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” (мастацкі кіраўнік Таццяна Пішч) Навасёлкаўскага СДК прысвоена званне “народны”.

Шыкоўны і заслужаны падарунак да Новага года атрымалі ўдзельнікі клуба! У іх розныя прафесіі, але аб’яднаны яны любоўю да песні, жаданнем ствараць добры настрой, дарыць радасць іншым. Чатыры Таццяны, Наталля, Анастасія, Іван – гэта сённяшняя “Вечарніца”. Кіраўнік справамі Навасёлкаўскага сельвыканкама Таццяна Канецпольская, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства мясцовай школы Наталля Гуліцкая, выхавальнік дзіцячага сада Таццяна Трыфанава, выкладчык тэарэтычных дысцыплін Навасёлкаўскай школы мастацтваў Анастасія Васілеўская, фельчар-лабарант раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Булатая, акампаніятар Навасёлкаўскага СДК Іван Пішч, мастацкі кіраўнік СДК і “Вечарніцы”, стараста аграгарадка Навасёлкі, знакамітая ляхавіцкая Лявоніха – яна ж Таццяна Пішч – і ёсць клуб Навасёлкаўскага СДК. Дарэчы, гэту ўстанову культуры ўжо 34 гады ўзначальвае таленавіты арганізатар Наталля Пражога.

Сёння “Вечарніца” завітала ў гасцёўню “Ляхавіцкага весніка”, каб адказаць на галоўнае пытанне: што для вас “Вечарніца”?

Таццяна Канецпольская:

— Так атрымалася, што я – адна з першых удзельніц калектыву. Прыйшла калісьці ў яшчэ проста вакальную групу Навасёлкаўскага СДК. Колькі песень спета! Колькі канцэртаў дадзена! Напэўна, не змагу падлічыць. За больш чым 20 гадоў многае змянілася ў маім жыцці: мянялася месца работы, выраслі двое дзяцей. А “Вечарніца” застаецца разам, побач, на адной хвалі. Не ўяўляю свайго жыцця без сябровак па клубу. На рэпетыцыі спяшаешся заўсёды, можа таму і ўсе хатнія справы робяцца хутка. Я з тых, каму песня і будаваць, і жыць дапамагае. Колькі сябе памятаю, спяваю. А які цудоўны голас у маёй мамачкі Веры Адамаўны Лімант! Яна калісьці спявала ў Падлескім народным хоры. Любоў да песні ў мяне – ад яе.

Таццяна Трыфанава:

— Лічу, што мне пашчасціла. Трапіць у такі дружны калектыў, дзе ўсе любяць спяваць, тварыць – сапраўдная ўдача. І я ўхапіла яе за хвост! Чаму бязмежна рада. Родам я з Адахаўшчыны, пачала спяваць яшчэ ў школе. Калі прыехала па размеркаванні ў Навасёлкі, Таццяна Пішч прапанавала паспрабаваць выступіць на канцэрце. Спачатку спявала сольна, а потым стала ўдзельніцай “Вечарніцы”. 4 гады ў клубе – як адзін дзень. А жаданне спяваць, бачыць захапленне ў вачах гледачоў, адчуваць сваю карысць толькі ўзмацняецца.

Наталля Гуліцкая:

— Для мяне “Вечарніца” не проста песня – жыццё. Дзякуючы ансамблю, у якім удзельнічаю больш за 15 гадоў, змагла раскрыцца.

Памятаю, як збіраліся на першыя рэпетыцыі яшчэ ў старым будынку СДК. Спачатку спявала эстрадныя песні, а потым часцей – народныя. Вельмі сур’ёзна працуем над рэпертуарам, каб радаваць сваіх слухачоў і самім атрымліваць задавальненне ад кожнага выступлення.

Разам з удзельнікамі клуба адзначаем святы, дні нараджэння, абмяркоўваем праблемы. Нам добра і ўтульна разам. У “Вечарніцы” цудоўнае надвор’е!

Таццяна Булатая:

— 2 гады назад наша сям’я прымала ўдзел у раённым туры конкурсу “Уладар сяла”, ініцыяваным БРСМ. Давялося там заспяваць. Таццяна Пішч пасля выступлення запрасіла мяне на рэпетыцыю клуба. З таго часу “Вечарніца” трывала ўвайшла ў маё жыццё і жыццё маёй сям’і. Муж Віктар і пяцігадовая дачушка часта прысутнічаюць на рэпетыцыях, а дачка спявае ў дзіцячым садзе – расце змена для “Вечарніцы”.

Гавораць, сям’я – 7 “я”. Так і ў нашым ансамблі – 7 чалавек. Значыць, мы – сапраўдная сям’я ў яе класічным разуменні. Прычым, творчая, дружная, правераная часам.

Анастасія Васілеўская:

— Хачу параўнаць “Вечарніцу” з востравам, на якім можна схавацца ад надзённых праблем і клопатаў. Пагаворыш з дзяўчатамі – і на душы лягчэй. А як песню заспяваем ці сцэнку разыграем, дык і ўвогуле настрой падымаецца. Кожнае выступленне – гэта маленькая, але перажытая гісторыя, міні-спектакль. Нягледзячы на тое, што працую ў Навасёлках, а жыву ў Баранавічах, стараюся не прапускаць ніводнай рэпетыцыі. Кожная з іх прыносіць задавальненне, адкрывае нешта новае не толькі ў іншых, але і ў самой сабе.

Іван Пішч:

— Няўжо можа быць дрэнна сярод такіх таленавітых, артыстычных і прыгожых дзяўчат?! Таму інакш, як падарунак лёсу, “Вечарніцу” не называю. Многія здзіўляюцца, маўляў, вы з жонкай разам і дома, і на рабоце, няўжо не надакучыла? На самай справе, песня, сумесная творчасць аб’ядноўваюць, дапамагаюць лепш адчуць, пачуць і зразумець адзін аднаго.

У нас жывы гук, ніякай “фанеры”, баян ва ўсім сваім непаўторным гучанні.

А яшчэ з дапамогай “Вечарніцы” я стаў не толькі акампаніятарам і музыкантам, але і артыстам размоўнага жанру. Калі раней мяне ўспрымалі як дадатак да Лявоніхі, то цяпер журы нават назвала “яскравай” адмецінай на сцэне (смяецца). Вось і заўважылі! Рады і таму, што цяпер у ”Вечарніцы” і наш сын Аляксандр, ён – гукааператар.

Таццяна Пішч (Лявоніха):

— Няма розніцы: выступаць на абласной сцэне перад тысячнай аўдыторыяй ці на палявым стане перад некалькімі хлебаробамі. Галоўнае – адчуць слухача, прынесці яму радасць, падбадзёрыць. Для артыста гэта і ёсць шчасце і прызнанне адначасова.

Вельмі задаволена, што задуманае – аб’яднаць гумар і гульню з песенным рэпертуарам у адно цэлае – завяршылася стварэннем клуба аматараў песні, гумару і гульні.

Папулярныя творы, аўтарам слоў да якіх з’яўляецца наш зямляк – беларускі паэт Леанід Пранчак, а аўтарам музыкі – наш акампаніятар Іван Пішч. І хоць калектыў на сцэне старажыл, кожнае новае выступленне прымушае хвалявацца, перажываць, каб усё атрымалася добра, спадабалася і запомнілася слухачам. Вельмі важная цвёрдая ўпэўненасць: што б ні здарылася – дзяўчаты і Іван абавязкова падтрымаюць, падставяць плячо дапамогі.

Наталля Пражога:

— На сённяшні дзень у Навасёлкаўскім СДК 9 разнастайных клубных фарміраванняў: 5 гурткоў і 4 аматарскія аб’яднанні. Цяпер сярод іх ёсць і народны – “Вечарніца”. Гэта асаблівая старонка ў культурным жыцці не толькі аграгарадка Навасёлкі і бліжэйшых вёсак, але і раёна. Ансамбль з нецярпеннем чакаюць і з радасцю сустракаюць усюды.

У сваю чаргу, “Вечарніца” шчыра вітае і гасцінна запрашае!

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З рэпертуару Лявоніхі і яе сяброў

У нашай вёсцы,

як заўсёды,

Трэба добра працаваць.

Толькі як няма пагоды,

Тады можна і паспаць.

Гэта зранку, а пад вечар,

Нават і не ў добры час,

Усе бягуць у клуб,

як вецер, –

“Вечарніца” тут у нас!

Вечарына – “Вечарніца”,

Усе гуляюць да зары.

А дзе хлопец,

там дзяўчына,

Аж да ранішняй пары.

♦Нам песня здароўе гарантуе, ад усіх хвароб ратуе.

♦Поспеху даб’ёмся. Любоў заваюем. Грошы заробім. Шчасце. А шчасце яшчэ родзім.

♦Я зрабіць выснову мушу – песня нам, як мёд на душу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *