Час жаночых прыярытэтаў. Жанчына можа ўсё!

Адным з самых прыемных падарункаў у навагоднюю ноч стала рашэнне нашага Прэзідэнта аб’явіць 2026-ы Годам беларускай жанчыны. Колькі захопленых каментарыяў выклікала гэта навіна! «Гэта сапраўды заслужана…», «Жанчына ёсць жанчына, на ёй усё трымаецца – і дом, і сям’я», «Нашы жанчыны заслужылі такое прызнанне»…

Рашэнне аб’явіць 2026-ы Годам беларускай жанчыны падкрэслівае адметную ролю прадстаўніц прыгожай паловы ў грамадстве, іх уклад у развіццё краіны, заклікае папулярызаваць ролю жанчыны, што, у сваю чаргу, адлюстроўвае павагу да яе сілы і пяшчоты, мудрасці і клопату. Гэта афіцыйнае прызнанне важнасці ролі жанчыны як асновы сям’і і грамадства, захавальніцы традыцый і рухаючай сілы развіцця. Прэзідэнт Беларусі заўжды падкрэслівае свае асаблівыя адносіны да жанчыны і называе сябе жаночым Прэзідэнтам, а беларусак – нацыянальным здабыткам краіны.
Якія асацыяцыі і чаканні ў землякоў звязаны з Годам беларускай жанчыны – тэма чарговага апытання «ЛВ».

Па стане на пачатак 2025 года насельніцтва Ляхавіцкага раёна складала 21 536 чалавек, з якіх 11 551 жанчына.
З 10 537 гараджан 5 812 – прадстаўніцы прыгожай паловы. 1 765 жыхарак раёна маладзей працаздольнага ўзросту, 5 014 – працаздольнага ўзросту, 4 772 перасягнулі працаздольны ўзрост.

Васілій ПЫЖЫК, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні:
– Нашы цудоўныя жанчыны дастойныя, каб кожны дзень года быў прысвечаны ім. Беларускі даўно і трывала ўмацавалі свае пазіцыі ў вытворчасці і сельскай гаспадарцы, бізнесе і грамадскай дзейнасці, у спорце і культуры. Жанчыны натх-няюць і ўражваюць, здзіўляюць і захапляюць. Напоўнена асаблівым сэнсам тое, што Год беларускай жанчыны праходзіць у межах пяцігодкі якасці. У сельгаспрадпрыемствах Ляхавіччыны працуе нямала жанчын, і на кожным участку яны дэманструюць прафесіяналізм. Без вас, паважаныя зямлячкі, не абыходзіцца ні адна адказнейшая сельскагаспадарчая кампанія. Вы паказваеце дастойныя вынікі ў жывёлагадоўлі і дбаеце пра будучы ўраджай. Вас можна ўбачыць і ў кабіне камбайна, і на зернетаку. А якія смачныя абеды гатуеце для сельгасвытворцаў. Чаго не хапае?  У гаспадарках нашага раёне няма жанчын-кіраўнікоў, усяго некалькі намеснікаў – прадстаўніц прыгожай паловы. Але, спадзяёмся, што і гэта пытанне будзе вырашана.  Упэўнены, што за бягучы год мы яшчэ больш умацуем пазіцыі жанчын, і гэта будзе час канкрэтных крокаў і рэальных дасягненняў.

Вольга БОГДАН, намеснік дырэктара ТЦСАН:
– Для сацыяльнай галіны Год беларускай жанчыны – час прыярытэтаў: сям’я, праца, клопат.  У краіне створаны ўсе ўмовы, каб жанчыны маглі паспяхова спалучаць кар’еру і сям’ю і атрымліваць дастойную адзнаку сваіх поспехаў і дасягненняў. Год беларускай жанчыны закліканы паказаць, наколькі вялікая роля нашых суайчынніц у грамадстве.

Першачарговае значэнне надаецца працоўным гарантыям, развіццю ўмоў для сумяшчэння прафесійных і сямейных каштоўнасцей, дадатковым гарантыям маці пры выхадзе на пенсію, сацыяльнай абароне мацярынства і дзяцінства.
Адна з самых значных мер падтрымкі мнагадзетных сем’яў – праграма сямейнага капіталу. За 11 гадоў сямейны капітал атрымала 541 мнагадзетная сям’я землякоў. Са сродкаў раённага бюджэту фінансуецца адрасная сацыяльная дапамога. Сем’і з дзецьмі – асноўныя атрымальнікі штомесячных і аднаразовых сацыяльных дапамог – каля 80 працэнтаў ад агульнай колькасці атрымальнікаў у раёне. У 2025 годзе такія выплаты атрымалі 76 чалавек. Летась з раённага бюджэту выдаткавана больш за 101 700 рублёў на аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.
Падтрымка працуючых жанчын-маці прадстаўлена гарантыямі ў працоўнай сферы. Напрыклад, пасля заканчэння водпуску па доглядзе дзіцяці наймальнік абавязаны са згоды жанчыны прадоўжыць з ёй кантракт да дасягнення дзіцем ўзросту пяці гадоў. Дзяржаўная падтрымка маці прадастаўляецца не толькі ў перыяд выхавання дзяцей, але і ў пенсійны перыяд. Жанчына, якая нарадзіла і дастойна выхавала пяць і больш дзяцей, узнагароджваецца на высокім дзяржаўным узроўні – ордэнам Маці. У Ляхавіцкім раёне ордэнам Маці ўзнагароджаны 38 жанчын.
У сацыяльнай службе працуюць у асноўным жанчыны. І наша прафесія – пэўны працяг звычайнай ролі – быць падтрымкай, дапамогай таго, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю.

Эвеліна БАБРОЎНІЧАЯ, урач – акушэр-гінеколаг УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ»:
– Галоўны напрамак работы медыкаў – клопат пра здароўе.  А здароўе жанчыны мае вялікае значэнне для будучыні любой нацыі.

Кожная жанчына, незалежна ад ўзросту, павінна клапаціцца пра ўласнае здароўе, не забываць пра прафілактыку, берагчы і ўмацоўваць свой арганізм. А мы, медыкі, у сваю чаргу, прыкладаем усе намаганні, каб жанчыны былі здаровымі. А калі выяўляюцца пэўныя праблемы, то разам з пацыенткамі змагаемся супраць хвароб. І толькі аб’яднаўшы намаганні, можам справіцца з праблемамі.
Прадстаўніцам цудоўнай паловы неабходна прытрымлівацца некалькіх правілаў. Важна праходзіць штогадовую дыспансерызацыю па месцы жыхарства, для прафілактычнага агляду адзін-два разы ў год наведваць урача-гінеколага; весці здаровы лад жыцця і займацца фізічнымі практыкаваннямі; клапаціцца пра збалансаванае харчаванне, ужываць у дастатковай колькасці агародніну і садавіну, пітную ваду; выконваць правілы асабістай гігіены; павінен быць паўнацэнны сон, пазбягайце стрэсаў і эмацыянальных перагрузак. Дарагія жанчыны, памятайце пра сваю важную ролю і не забывайце клапаціцца пра сябе, у тым ліку і пра сваё здароўе.

Алена ШЭШКА, старшыня пярвічкі БСЖ Жарабковіцкай СШ
імя М. Г. Мінкевіча:

– 2026-ы аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. І гэта не можа не акрыляць і не натхняць нас, жанчын, на актыўнасць. Жанчыны маюць ключавую ролю ў дабрачыннасці, валанцёрстве, іх дабрыня і клопат заслугоўваюць павагі. Мае калегі з Жарабковіцкай школы – актыўныя ва ўсім. І гэта праяўляецца як у паўсядзённых справах, так і ў дзейнасці пярвічкі раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Мы верым, што Год беларускай жанчыны стане яшчэ адной выдатнай магчымасцю праявіць свае здольнасці і таленты, унесці новыя ініцыятывы і ідэі ў жыццё школы, землякоў, умацаваць ролю жанчыны ў розных сферах жыцця, натхніць калег на новыя поспехі і дасягненні. У тым ліку на жанчынах-педагогах ляжыць вялікая адказнасць і высакародная місія – навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. Нам – прыкладаць усе намаганні для таго, каб навучэнцы сталі патрыётамі і добрымі людзьмі. Толькі сумеснымі намаганнямі мы створым атма-сферу падтрымкі і супрацоўніцтва, дзе кожная жанчына адчуе сваю значнасць.

Давайце ў ладзе, згодзе і міры пражывём гэты асаблівы год, адзначаючы дасягненні жанчын і ствараючы новыя магчымасці для будучыні.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.