Моцная краіна – адна задача для ўсіх

У працоўных калектывах прадаўжаецца актыўнае абмеркаванне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады і ключавых аспектаў Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.

У мінулы чацвер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч сустрэўся з работнікамі КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Георгій Хлябовіч як дэпутат Парламента быў удзельнікам другога пасяджэння Усебеларускага народнага сходу. І камунальнікам было цікава пачуць уражанні і думкі таго, хто прымаў удзел як у абмеркаванні Паслання Прэзідэнта, так і ў прыняцці
Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бягучую пяцігодку.
– У сваім выступленні пад дэвізам «Час канкрэтных спраў» Кіраўнік дзяржавы закрануў важныя тэмы сучаснасці – ад эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі да фарміравання глабальных цэнтраў сілы. Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанні ўдзельнікаў УНС. Адкрыты, праўдзівы, прынцыповы дыялог доўжыўся на працягу пяці гадзін. Кіраўнік дзяржавы гаварыў пра тое, што хвалюе і важна для кожнага беларуса, – адзначыў Георгій Хлябовіч.
Дэпутат Парламента спыніўся на выніках мінулай пяцігодкі і расказаў пра сем асноўных прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады.
– Мне, як дэпутату па сельскай выбарчай акрузе, асабліва блізкая задача «Развіццё моцных рэгіёнаў». Кранулі за жывое словы Прэзідэнта, што «вёска – аснова асноў нашага жыцця».
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што патрэбны новы нацыянальны падыход, які будзе матываваць да пераезду людзей у сельскую мясцовасць.
Неабходна ствараць такія ўмовы, каб беларусы імкнуліся жыць, працаваць у аграгарадках і вёсках. Канешне, як медыку, колішняму галоўнаму ўрачу Ляхавіцкай райбальніцы, важная і тэма нацыянальнай дэмаграфічнай бяспекі. Тут нямала значных складнікаў, сярод якіх якасць медыцынскай дапамогі, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, павышэння нараджальнасці, умацавання здароўя беларусаў і іншае, – падкрэсліў дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
Таксама размова ішла пра праграмы, рэалізацыя якіх тычыцца як усёй краіны, так і кожнага беларуса.
Удзел у сустрэчы прыняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.