Раскапалі, замянілі і… не ўладкавалі. Каля дома № 44 па вуліцы Леніна пасля рамонту патрабуецца добраўпарадкаванне

Яшчэ ў ліпені каля дома № 44 па вуліцы Леніна ў райцэнтры КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» праводзіла рамонт участка цеплатрасы. Нязручнасцей для жыльцоў дома хапала, аднак людзі разумелі: работы планавыя і праводзяцца, каб не ўзнікалі праблемы з падачай цяпла ў зімовы перыяд.

І вось, у рэшце рэшт, напачатку жніўня замена цеплатрасы на гэтым участку завершана. Камунальнікі пасля сябе засыпалі ямы і ўтрамбавалі пясок – як атрымалася. А атрымалася не надта роўна. Хадзіць не толькі нязручна, але яшчэ і траўманебяспечна. Пасля сябе камунальнікі пакінулі кускі арматуры, пліты, рашоткі. А яшчэ жыльцы першага пад’езда турбуюцца наконт таго, што як прыбралі ў ліпені лавачку для адпачынку, так да гэтага часу яе і не вярнулі. І вісіць яна другі месяц на сцяне суседняга дома.
З пытаннем, калі ж нарэшце вернецца камфорт у іх двор, жыльцы дома № 44 па вуліцы Леніна звярнуліся на гарачую лінію «ЛВ». Рэдакцыя звярнулася за каментарыем да камунгаса.
– Як толькі завершым работу на пракладцы цеплатрасы на астатніх запланаваных участках у Ляхавічах, адразу прыступім да добраўпарадкавання тэрыторый тых аб’ектаў, дзе працавалі. Прыкладна да 15 верасня работы павінны завяршыць. Так што, калі ласка, пацярпіце яшчэ крыху. Прыносім прабачэнні за такую нязручную сітуацыю, – адзначае намеснік дырэктара камунгаса Ігар Шырэй.
Галіна КАНЬКО.