Мы – народ! І ў гэтым наша сіла

17 верасня – самае маладое дзяржаўнае свята краіны, але ж напоўненае гістарычным сэнсам адзінства і сілы. Несправядлівая мяжа, што доўгі час не давала адзінаму народу быць разам, 17 верасня 1939 года перастала існаваць

Гэта свята стала яшчэ адным фактам прызнання нашай цвёрдай незалежнай пазіцыі наконт месцавызначэння на карце свету, вернасці гістарычнай праўдзе, бясспрэчнага міралюбства і талерантнасці. Беларускае адзінства – гэта не проста словы, гэта стагоддзямі пройдзены шлях. У нашай крыві назаўжды ДНК міру і стварэння. І хоць часам урокі гісторыі дэманстравалі нам, хто ёсць хто побач з намі, мы заўжды забывалі старыя крыўды і працягвалі руку супрацоўніцтва.
У Дзень народнага адзінства маштабнае свята сабрала беларусаў на патрыятычным форуме «Мы – беларусы!».
Цэнтральнай пляцоўкай святкавання стала «Мінск-Арэна». Канцэпцыя свята падкрэслівала, што толькі ў адзінстве і міры магчыма жыць шчасліва. Словы Прэзідэнта, як заўжды, былі накіраваны да сэрцаў беларусаў. Мы міралюбівая нацыя, пра гэта сведчыць гісторыя. Нам не трэба чужога, але ж і свайго нікому не дазволім адняць.
«Бяроза-Картузская» – як сімвал нязломнасці і няскоранасці народа, які жадаў проста жыць на сваёй зямлі, – на хвіліны сюжэт ажыў на сцэне «Мінск-Арэны». Былі песні і словы пра простыя каштоўнасці: мір, сям’ю, зямлю і працу, пра будучыню, якая ў Беларусі ёсць. На сцэне прадстаўнікі сілавых навучальных устаноў, яны клянуцца быць патрыётамі і берагчы Беларусь.
Родныя «Песняры», «Сябры» і Анатолій Ярмоленка, Жанэт, Ірына Дарафеева, «Беларусы» і многія іншыя віталі і віншавалі са святам. Нашым святам, што аб’ядноўвае народ і дэманструе нашу сілу. Няхай так будзе заўжды – мы народ!

Урачыстыя падзеі, прымеркаваныя да Дня народнага адзінства, на Брэстчыне пачаліся ў мінулую пятніцу. Сёлетнім цэнтрам святкавання сталі Баранавічы.
У гэты дзень горад пагрузіўся ў атмасферу святочнага адзінства – сюды з’ехаліся прадстаўнікі дэлегацый раёнаў Першага рэгіёна. Сярод удзельнікаў і ляхавічане.
Святкаванне пачалося з урачыстай цырымоніі перадачы сцягаў адміністрацыйных адзінак Брэстчыны. Гэта патрыятычная задумка РГА «Патрыёты Беларусі» ў рамках рэспубліканскай акцыі «Сімвал адзінства» адбылася ў баранавіцкай СШ № 1 імя С. І. Грыцаўца. Сцяг Ляхавіцкага раёна перадаў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
– Брэсцкая вобласць – месца, дзе людзі жывуць у дастатку. Мы будуем бальніцы, школы, дзіцячыя сады, забяспечваем гарантыі ў адукацыі і ахове здароўя. Для людзей гэта фактычна бясплатна, закладзена ў бюджэце краіны. Развіваем машынабудаванне, будуем новыя дарогі. Укладваем у будучыню нашых дзяцей, – падкрэсліў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка падчас абласнога свята да Дня народнага адзінства.
У самым сэрцы Баранавічаў разгарнулася галоўная сцэна свята. Тут ярка і маляўніча запальвалі артысты і калектывы Брэстчыны, кожнай вобласці нашай краіны, сталічныя зоркі. Шчырымі апладысментамі гледачы віталі ляха-
віцкія калектывы «Экспрэс», «ВІНС-акорд», «Пачатак». Шыкоўны салют аб’яднаў позіркі беларусаў у нашым мірным небе.
У гэтае свята віншаванні гучалі ад старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрыя Наркевіча.
– Шануйце і беражыце тое, за што змагаліся нашы продкі, ствараючы краіну, аб’ядноў-ваючы яе і заваёўваючы незалежнасць. Каб наша Беларусь квітнела і развівалася, кожны павінен быць адказным за свае справы. Бо дабрабыт нашай дзяржавы ствараецца на канкрэтным працоўным месцы, у студэнцкай аўдыторыі, за школьнай партай, у сваёй сям’і ці іншым калектыве. Калі мы будзем гэта разумець, добрасумленна выконваць свае абавязкі, старанна працаваць і вучыцца, мець згоду ў грамадстве, то зможам пераадолець усе цяжкасці, рэалізаваць шматлікія праекты, застацца мірнай, суверэннай рэспублікай. Аб’яднаны народ – гэта магутная сіла, – адзначыў Юрый Наркевіч.
Дапазна ў гэты дзень працавалі гандлёвыя рады. Нямала прыхільнікаў прадукцыі сабрала вакол сябе выстава Ляхавіцкага кансервавага завода, смакатой здзіўляла і Ляхавіцкае райпо.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.