«Літва» на малочным шляху. Напярэдадні Дня народнага адзінства ў ААТ «Шлях новы» адкрылі МТФ

Напярэдадні Дня народнага адзінства ў ААТ «Шлях новы» адкрылі МТФ «Літва» – чацвёртую за год новую ферму ў Ляхавіцкім раёне

Добрая традыцыя – да дзяржаўных святаў і вызначальных падзей адкрываць па ўсёй краіне новыя прамысловыя, сельскагаспадарчыя, сацыяльныя аб’екты. Напярэдадні Дня народнага адзінства на Ляхавіччыне сёлета адкрылі новую малочнатаварную ферму.
Адрас, дзе размясцілася МТФ-абноўка ААТ «Шлях новы», – вёска Літва.
Дарэчы, у нашым раёне гэта ўжо чацвёртая новая ферма за год. Раней такія аб’екты былі ўведзены ў СВК «Ляхавіцкі», СУП «Ліпнянка», ААТ «Жарабковічы».
Бліжэй да апоўдня 15 верасня напоўнілася музыкай, людскімі галасамі наваколле на ўскрайку Літвы. Адкрыццё новай, шостай па ліку ў сельгаспрадпрыемстве, МТФ – падзея доўгачаканая. Сярод шаноўных гасцей – першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянцін Зайчук, намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Альшэўскі, выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дэпутацкага корпуса, агракаляджане.
Не засталася незаўважанай падзея і сярод мясцовых жыхароў і, канешне, работнікаў «Шляху новага».
– У апошні час на Брэстчыне асаблівая ўвага надаецца развіццю малочнай жывёлагадоўлі, у прыярытэце будаўніцтва новых фермаў і комплексаў.
Актыўна ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя сельскагаспадарчыя аб’екты і ў Ляхавіцкім раёне. Адпаведна, павышаюцца і вытворчыя паказчыкі. Калі Брэстчына паказвае прырост 8,8 працэнта ў вытворчасці малака, то Ляхавіцкі раён – 9 працэнтаў. У вас усе шанцы трапіць у пяцёрку лепшых раёнаў вобласці па вытворчасці малака. Для гэтага ёсць неабходны запас кармоў для жывёлы, добры кадравы патэнцыял, неабходная колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы, створаны камфортныя ўмовы працы для работнікаў. Ферма «Літва», якую цяпер адкрываем, – таму пацвярджэнне, – адзначыў у прывітальным слове Валянцін Зайчук.
Першы намеснік старшыні аблвыканкама павіншаваў калектыў ААТ «Шлях новы» са значнай вытворчай
падзеяй, пажадаў працоўных здзяйсненняў, а таксама ўручыў падарункі.
Вадзім Альшэўскі падкрэсліў: новая МТФ – гэта вынік зладжанай работы ўсіх. Стараліся і будаўнікі, якія замест адведзеных 12 месяцаў справіліся не толькі з будаўніцтвам аб’екта, але і з устаноўкай тэхналагічнага абсталявання за паўгода.
Вялікай падзеяй не толькі для гаспадаркі, але і для ўсяго раёна назваў адкрыццё МТФ старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз. Ён падзякаваў кіраўніцтву Брэстчыны за дапамогу, падтрымку і давер. Звяртаючыся да навучэнцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа, якія прынялі ўдзел у мерапрыемстве, старшыня райвыканкама падкрэсліў:
– Вам, маладым, тут працаваць і падымаць на больш высокі ўзровень і жывёла-
гадоўлю, і раслінаводства. На Ляхавіччыне ствараюцца выдатныя ўмовы для работы ў сельскай гаспадарцы.
Сяргей Ашмянцаў павіншаваў вяскоўцаў, уручыў калектыву МТФ сертыфікат на тысячу рублёў, а таксама
Ганаровыя граматы аграпрамысловага саюза работнікам «Шляху новага»: майстру-будаўніку Мікалаю Скляру, інжынеру Аляксандру Івашку, інспектару аддзела кадраў Таццяне Гатоўчыц.
Генеральны дырэктар ААТ «Будаўнічы трэст № 25» г. Баранавічы (арганізацыі, якая ўзводзіла ферму) Анатолій Сірэнка перадаў кіраўніку «Шляху новага» Андрэю Коктышу сімвалічны ключ ад новабудоўлі і пажадаў новых працоўных дасягненняў усяму калектыву.
Пад музычны акампанемент і апладысменты прысутных перарэзана чырвоная стужка – адкрыты новы высокатэхналагічны аб’ект. І першая азнаямляльная экскурсія па МТФ «Літва» – для гасцей.

«ЛВ» запрашае і чытачоў раёнкі пазнаёміцца з абноўкай. Пабудаваная па сучасных тэхналогіях ферма разлічана на адначасовае ўтрыманне 640 галоў буйной рагатай жывёлы. У двух кароўніках боксавага ўтрымання – прасторна і камфорна, у кожным ёсць выгульныя пляцоўкі. У даільна-малочным блоку ўстаноўлена даільнае абсталяванне «Паралель 2х16». Зроблена пад’язная дарога. Выдатныя ўмовы створаны і для жывёлаводаў, тут ёсць пакой для адпачынку і прыёму ежы, душавыя кабінкі. Кошт аб’екта – прыкладна 11 мільёнаў рублёў – бюджэтнае фінансаванне, уласныя сродкі «Шляху новага», крэдыты, а таксама дапамога малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці. Працаваць на МТФ будуць
25 чалавек. Узначаліць калектыў даверылі вопытнаму жывёлаводу Наталлі Махнач, якая дагэтуль была брыгадзірам на МТФ «Галавачы».
Дарэчы, побач з фермай запоўненыя сёлетнім ураджаем тры новыя і адна ранейшая сіласна-сянажныя траншэі.
Апошнім часам справы ў жывёлагадоўлі ААТ «Шлях новы» ідуць нядрэнна. Але перспектывы для дасягнення больш высокіх вынікаў ёсць. І, напэўна, як адзначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Коктыш, увядзенне ў эксплуатацыю новай МТФ дазволіць калектыву дабіцца істотных плюсаў у вытворчасці малака. У прыватнасці, на ферме разлічваюць даіць на кожную карову сем тысяч кілаграмаў малака ў год, выручка ад рэалізацыі сырадою складзе 4,4 мільёна рублёў у год, рэнтабельнасць малака плануецца на ўзроўні 35 працэнтаў, а акупнасць МТФ «Літва» па папярэдніх падліках складзе сем гадоў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея Варановіча.