22 верасня праводзіцца экалагічная акцыя “Дзень без аўтамабіля”

Пятніца без аўтамабіля

Аўтамабілі настолькі трывала ўвайшлі ў наша жыццё, што многія не ўяўляць без іх свой дзень. Колькасць аўто на дарогах і ў дварах пастаянна павялічваецца. Але ў такога камфорту ёсць і адваротны бок. Пры выкарыстанні аўтатранспарту ў атмасферу разам з адпрацаванымі газамі трапляюць таксічныя кампаненты: вокісы вугляроду і азоту, вуглевадароды, вокіслы серы, злучэнні цяжкіх металаў. Гэтыя шкодныя рэчывы адмоўна ўплываюць на здароўе чалавека.
Па традыцыі штогод у многіх краінах свету, у тым ліку Беларусі, 22 верасня праводзіцца экалагічная акцыя “Дзень без аўтамабіля”.

Хтосьці ставіцца да такой акцыі скептычна, маўляў, што вырашыць адзін дзень. Тым не менш, па даных Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, аб’ём выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра па ўсёй краіне падчас акцыі змяншаецца на 100-200 тон. Асноўная мэта эколагаў –нагадаць грамадскасці пра негатыўны ўплыў аўтамабіляў на навакольнае асяроддзе, а значыць і на здароўе чалавека. А яшчэ пра тое, што ёсць альтэрнатыўныя сродкі перамяшчэння, ад якіх мы пачынаем адвыкаць: веласіпед, грамадскі транспарт. А можна проста прайсціся пешшу. Рэгулярныя пешыя прагулкі станоўча адбіваюцца на стане здароўя і з’яўляюцца неад’емным складнікам здаровага ладу жыцця.

📣 Ляхавіцкая райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае землякоў 22 верасня адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту і гэтым унесці свой уклад у чысціню паветра свайго горада, разам знізіць аб’ём выкідаў забруджвальных рэчываў у цэлым у краіне, паклапаціцца пра стан свайго здароўя і здароўя сваіх дзяцей.

Аляксандр КУРЛОВІЧ, галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.