Дысцыпліна на дарозе не лішняя

З пачатку года супрацоўнікамі аддзялення ДАІ РАУС за перавышэнне скорасных рэжымаў затрыманы 464 вадзіцелі. Што і казаць, любяць нашы землякі пракаціцца з ветрыкам. А, між тым, менавіта гэта часцяком становіцца адной з прычын дарожна-транспартных здарэнняў. Недысцыплінаванасць на дарозе можа каштаваць здароўя і нават жыцця. І, безумоўна, страчаных грошай, бо з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем і цягне за сабой штраф. Так, перавышэнне скорасці руху ад 10 да 20 кіламетраў у гадзіну можа “каштаваць” не толькі папярэджання, але і да 1 базавай велічыні штрафу (130 тысяч рублёў). Для тых, хто перавысіў скорасць на 20-30 кіламетраў у гадзіну, штраф складзе ад 1 да 3 БВ, ад 30 і вышэй кіламетраў у гадзіну – ад 3 да 10 БВ. Паўторнае на працягу года перавышэнне скорасці на 20 і больш кіламетраў у гадзіну “аблегчыць” сямейны бюджэт на суму ад 5 да 15 БВ ці наогул пазбавіць вадзіцельскага пасведчання тэрмінам на год.

Яшчэ больш жорсткая адказнасць прадугледжана для п’яных вадзіцеляў: пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання тэрмінам на 3 гады і штраф ад 6,5 да 13 мільёнаў рублёў. З пачатку года на дарогах раёна затрымана ўжо 9 такіх гора-ездакоў. Да кожнага прыменены самыя строгія меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

Шчыра кажучы, і пешаходы не заўсёды дысцыплінаваныя, часам ігнаруюць правілы дарожнага руху. Асабліва, што дытычыць выкарыстання святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак. Між тым, кошт флікера ў дзясяткі разоў меншы за штраф, які прадугледжаны за падобнае правапарушэнне, – ад 1 да 3 БВ ( а на нецвярозых грамадзян – ад 3 да 5 БВ). І як жа нізка цэняць сваё здароўе і жыццё, жыццё сваіх дзяцей тыя, хто не лічыць патрэбным насіць на адзенні яркі маячок. Флікер – менавіта тая маленькая дробязь, якая дапамагае быць яркім і бачным для машын. Быць пешаходам у бяспецы.

Юрый МАЛЕВІЧ, начальнік АДАІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *