Старт дашкалят у лесаводы. У Ляхавічах адкрылася дашкольнае лясніцтва — першае ў раёне

22 верасня 2023 года стала днём стварэння дашкольнага лясніцтва
«Лесавічок» – першага на Ляхавіччыне. Спецыялізаваная група адкрылася на базе дзіцячага сада № 2.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Урачыстая падзея адбылася ў прысутнасці гасцей, сярод якіх кіраўніцтва лясгаса і прадстаўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама, раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Падтрымаць хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшлі родныя.
Рабяты ў форме лесаводаў (такі падарунак зрабіў лясгас) расказ-
валі вершы, спявалі песні, адказвалі на пытанні – і ўсё на тэму прыроды.
Важным момантам стала прынясенне клятвы ўдзельнікаў да-
школьнага лясніцтва берагчы і ахоўваць прыроду. «…Клянёмся ахоўваць глебу, паветра, рэкі і азёры ад забруджвання…» – юныя лесаводы вымаўлялі словы ўпэўнена і дружна.
Дырэктар Ляхавіцкага лясгаса Дзяніс Герасіменка шчыра павіншаваў са святочнай падзеяй рабят і педагогаў, падкрэсліў, што стала больш сяброў лесу і выказаў надзею, што хлопчыкі і дзяўчынкі ў будучым стануць калегамі лесаводаў.
Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Іна Зубік адзначыла, што адкрыццё дашкольнага лясніцтва –  новы накірунак адукацыйнага праекта, які дазволіць выхаванцам не толькі пазнаваць свет, але і навучыць беражліва адносіцца да прыроды і яе багацця: лесу, зямлі і вады.
Загадчык дзіцячага сада Наталля Касцюк падзялілася, што яе, як кіраўніка дашкольнай установы, перапаўняюць пачуцці гонару, радасці, хвалявання і, канешне, пачуццё вялікай адказнасці:
– Сёння мы робім вялікі крок у развіцці экалагічнай адукацыі нашых дзяцей. Сімвалічна, што падзея адбываецца ў Год міру і стварэння. З дзіцячага ўзросту выхоўваем любоў да Радзімы, роднага краю, павагу да прафесіі лесавода і іншых. З адкрыцця дашкольнага лясніцтва пачынаем вялікую лясную прафарыентацыйную работу.
Кожны юны лесавод атрымаў падарунак ад лясгаса, а таксама магчымасць пасадзіць дрэўца рабіны, за якім пасля выхаванцы сада будуць даглядаць. Рабяты разам з дарослымі з задавальненнем садзілі, палівалі саджанцы, а на памяць – агульнае фота.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Наталля АДАМЕНКА, намеснік дырэктара лясгаса:
– Міністэрства лясной гаспадаркі дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам фарміраваць правільныя адносіны да прыроднага багацця. Дзякуючы «Лесавічку» рабяты больш даведаюцца пра важнасць захавання лесу, пра працу ў лясной гаспадарцы і накірункі яе дзейнасці і шмат яшчэ іншага. Адным словам – паглыбяць веды ў экалагічным накірунку. У планах – сустрэчы з лесаводамі, правядзенне віктарын, конкурсаў, гульняў. Канешне, запланавана і экскурсія ў лясгас. Працаваць будзем у цесным узаемадзеянні з бацькамі.

Вікторыя ВОЙЦІК, намеснік загадчыка дзіцячага сада № 2:
– Экалагічнае выхаванне – адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці дзіцячага сада, а дашкольнае лясніцтва – яго новы напрамак. Супрацоўніцтва з лясгасам дапаможа вырашыць многія задачы, сярод якіх і пачатковая прафарыентацыйная работа.

Таццяна ТУРКІНА, маці пяцігадовай Паліны:
– Нашым рабятам, лічу, пашанцавала стаць юнымі лесаводамі. З дзяцінства яны навучацца разумець важнасць аховы прыроды, сфарміруюць і навыкі граматнага прыродакарыстання. Калі лясгас пачаў праводзіць заняткі ў групе, дачка пачала і дома задаваць больш пытанняў па рабоце лесаводаў. Дзецям цікава, а гэта самае галоўнае! Мерапрыемствы ў дашкольнай установе заўсёды адметныя, а выхавальнік Алена Валер’еўна Зубік стараецца зрабіць іх і пазнавальнымі, і відовішчнымі. Дзякуючы цудоўнаму музычнаму афармленню, за якое адказвае Галіна Канстанцінаўна Мароз, рабяты з задавальненнем спяваюць і танцуюць.