Менш аўтамабіляў – больш паветра. Як у Ляхавічах прайшоў дзень без аўтамабіля

Прыкладна кожны трэці жыхар Беларусі з’яўляецца ўладальнікам аўтамабіля. А калі колькасць актыўных аўтааматараў пашырыць за кошт прыхільнікаў мотатранспарту, даўжыня такой механізаванай калоны адчувальна падоўжыцца.

Аўтамотатранспарт – гэта, канешне ж, вялікая мабільнасць, хуткасць перамяшчэння з кропкі «А» у кропку «Б», у большасці выпадкаў – камфорт на шляху.
Але кожнаму з нас варта ўзгадваць пра антыэкалагічнасць рухавікоў унутранага згарання. Па-першае, апошнія з’яўляюцца «спажыўцамі» адносна чыстага навакольнага паветра, па-другое, забруджваюць наваколле за кошт выкідаў у яго прадуктаў згарання сваіх рабочых сумесяў. Па некаторых даных, найбольшую, прык-
ладна 70 працэнтаў ад абсалюту, шкоду для атмасферы прыносяць аўтамабільныя выхлапы.
Акцыя была «запушчана» ў свет, як напамін аб неэкалагічнасці механічнага транспарту, магчымасці яго рацыянальнага выкарыстання, а лепш – асабістай і хоць аднойчы ў год адмовы ад яго выкарыстання. Дата 22 верасня пазначана як Сусветны дзень без аўтамабіля, а наша краіна да здаровай ініцыятывы далучылася ў 2008 годзе. Сутнасць у тым, што любому з нас 22 верасня рэкамендуецца «запаркаваць» свой чатырох- ці, у выпадку з матацыклам, двухколавы механічны транспарт на, як мінімум, дзённую стаянку. Альтэрнатывай могуць стаць пешая прагулка, веласіпед, сродкі асабістай мабільнасці з выкарыстаннем электрычнай цягі, грамадскі транспарт: менш аўто – больш паветра. І хоць аднамаментную на працягу года пешую або веласіпедную прагулку на працу – з працы складана прыняць за здаровую акцыю – для кожнага з нас яна можа стаць першым крокам, пачаткам фарміравання новай, пастаяннай і таму здаровай звычкі: рухацца самому, замест таго, каб рухаць баранку аўтамабіля.
У мінулую пятніцу раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзяленне ДАІ РАУС і «Ляхавіцкі веснік» сталі ўдзельнікамі прымеркаванай да Дня без аўтамабіля акцыі. Месцам яе правядзення стала аўтапаркоўка непадалёку ад аграрнага каледжа. Патэнцыяльным удзельнікам мог стаць любы аўтамабіліст, веласіпедыст, электраскутарыст, пешаход. У якасці напаміну аб існаванні ў сусветным календары Дня без аўтамабіля, перавагах выкарыстання экатранспарту ў паўсядзённым жыцці ўдзельнікі дарожнага руху атрымалі лістоўкі-напаміны, тэматычныя блакноты, бірулькі на ключы і іншую сувенірную прадукцыю абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Аўтамабілісты трапляліся ў пераважнай колькасці. На суб’ектыўны погляд, у Дзень без аўтамабіля іх у Ляхавічах менш не стала. Нягледзячы на праведзеную раней і ў гэты дзень растлумачальную работу з боку і райінспекцыі прыродных рэсурсаў, і АДАІ, і на ўзроўні больш высокіх інстанцый.
«Ведаю, падтрымліваю, але сёння без аўтамабіля не змог.
Магчыма, пазней», – гучала тыповае тлумачэнне.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.