Райпо пашырае прапановы. На Ляхавіччыне аб’ектаў грамадскага харчавання не так ужо і шмат – 13
На Ляхавіччыне аб’ектаў грамадскага харчавання не так ужо і шмат – 13, з іх 6 аб’ектаў належыць райпо. Нярэдка жыхары раёна звяртаюцца ў розныя інстанцыі, на прыёмы ці гарачыя тэлефонныя лініі з пытаннем аб адкрыцці ў горадзе ці на вёсцы кафэ, сталовых і іншых месцаў, дзе можна паабедаць, адзначыць якую-небудзь падзею ці проста адпачыць за кубачкам кавы і смачным дэсертам.
На кантролі тэму трымае і раённая ўлада. На гэтым тыдні на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмяркоўваліся прымаемыя меры па ўдасканаленні арганізацыі работы аб’ектаў грамадскага харчавання, летняга гандлю ў Ляхавічах і аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу раёна.
Старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч спыніўся на асноўных аспектах развіцця грамадскага харчавання і падкрэсліў, што галоўная задача – зрабіць гэту галіну даступнай і запатрабаванай для спажыўцоў, але пры гэтым захаваць прыбытковасць і патэнцыял для росту для кожнага аб’екта такога кшталту. Эфектыўнасць работы ў многім залежыць ад павелічэння вытворчасці ўласнай прадукцыі, якая за 4 месяцы 2025 года склала 120,3 працэнта. Асноўным вытворцам уласнай прадукцыі з’яўляецца рэстаран «Ластаўка». Калі
гаварыць пра асартымент і віды паслуг, то, па словах Васілія Некрашэвіча, у рэстаране прадастаўляюцца два віды комплексных абедзенных меню. Пастаянна майстрамі-поварамі распрацоўваюцца новыя рэцэпты закусак, салатаў, гарачых і першых страў, дэсертаў. Запатрабаваныя арганізацыя ўрачыстасцей, юбілеяў, іншых мерапрыемстваў. У будні на пастаяннай аснове па папярэдніх заказах дастаўляюцца ланч-боксы з гарачым харчаваннем у Ляхавіцкі аграрны каледж. Васілій Некрашэвіч расказаў, што асабліва запатрабаваны такія абеды ў агракаляджан з аўторка па чацвер (прывозіцца да 30 абедаў). Дарэчы, акрамя агракаляджан, такой дастаўкай карыстаюцца і работнікі некаторых прадпрыемстваў і арганізацый. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што райпо трэба і далей прадаўжаць і пашыраць такое запатрабаванае пачынанне – продаж комплексных абедаў у ланч-боксах.
З мэтай задавальнення попыту насельніцтва ўдасканальваецца работа аб’ектаў грамадскага харчавання і па іншых напрамках. У прыватнасці, сёлета з 1 мая пачала працаваць летняя тэраса ў «Ластаўцы», што павялічыла колькасць месцаў для наведвальнікаў рэстарана. Дарэчы, пра рэстаран. Для павелічэння вытворчасці і пашырэння асартыменту ўласнай прадукцыі, паляпшэння якасці абслугоўвання наведвальнікаў набыты агароднінарэзка, посудамыйная машына, іншая кухонная тэхніка. Плануецца набыццё апарата шокавай замарозкі. У магазіне-кулінарыі «Ласунак»
павялічылася колькасць пасадачных месцаў з 24 да 48. Штодзённа тут прадаюцца комплексныя абеды ў ланч-боксах з прымяненнем мінімальнай гандлёвай надбаўкі. Васілій Некрашэвіч паведаміў, што рэгулярна пашыраецца асартымент прадукцыі ў закусачнай «Траторыя» і кафэ «Еда&Кофе». Пачала работу тут і адкрытая тэраса, што таксама павялічыла колькасць наведвальнікаў. У лютым бягучага года аднавіў работу магазін-кулінарыя «Мясная лаўка», дзе прадстаўлены шырокі асартымент разнастайных мясных вырабаў і паўфабрыкатаў. Магазін працуе без выхадных, са зручным рэжымам работы. На летні перыяд плануецца падаўжэнне рэжыму работы да 22 гадзін і пашырэнне асартыменту тавараў, у прыватнасці кулінарных і кандытарскіх вырабаў.
Побач з магазінам, па просьбах грамадзян, устаноўлены павільён для продажу сезоннай садавіны, агародніны, ягад. Яшчэ адно ноу-хау ад райпо: у спякотнае надвор’е будзе арганізаваны выязны гандаль на зону адпачынку на рацэ Ведзьме з продажам кандытарскіх вырабаў, ахалоджаных безалкагольных напіткаў, марожанага.
У залік райпо можна аднесці аднаўленне работы магазіна «Родны кут» у Вялікім Гарадзішчы. Гэта зручна не толькі для жыхароў вёскі, але і для тых, хто праязджае па трасе. Пакуль ён працуе тры дні на тыдзень.
Кіраўнік раёна Мікалай Мароз паставіў перад райспажыўсаюзам асноўныя задачы ў плане ўдасканалення грамадскага харчавання. І тычацца яны школьнага харчавання, далейшага ўдасканалення сістэмы рэалізацыі абедаў у ланч-боксах, развіцця прыдарожнага сэрвісу, які ў раёне амаль што адсутнічае, а таксама выязнога гандлю.
Галіна КАНЬКО.

