Цэнтралізаваны старт. Ляхавіцкія выпускнікі здалі першы цэнтралізаваны экзамен па вучэбных прадметах па выбары

26 мая па ўсёй краіне афіцыйна стартавала ўступная
кампанія – 2025. Ляхавіцкія выпускнікі ў гэты дзень здалі першы цэнтралізаваны экзамен па вучэбных прадметах па выбары. У райцэнтры пунктам правядзення ЦЭ па традыцыі стала гімназія г. Ляхавічы.

Выпускнікоў вясковых школ ад установы адукацыі да пункта правядзення ЦЭ дастаўлялі на школьных аўтобусах, усіх абавязкова суправаджаў педагог.
– Цэнтралізаваны экзамен прайшоў у штатным рэжыме, спакойна,
без нараканняў і заўваг. Усе 150 зарэгістраваных адзінаццацікласнікаў з’явіліся для праходжання цэнтралізаванага выпрабавання.Таксама яго здавалі і два экстэрны. Папярэдне праведзеная неабходная падрыхтоўчая работа выключыла ў дзень здачы ЦЭ арганізацыйныя пытанні. Так, 8 лютага адбылася рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену, і навучэнцы ўжо ведалі пункт правядзення ЦЭ, механізм правядзення экзамену, добра ўсведамлялі свае дзеянні, калі выканалі заданні раней адведзенага часу ці ў тэрмін. Гэта выключыла мітусню і непаразуменні, –
падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Шкут.
З дзевяці прадметаў па выбары большасць нашых землякоў для
здачы выбрала матэматыку, біялогію і грамадазнаўства.
Для правядзення ЦЭ ў гімназіі было задзейнічана 12 аўдыторый, у якіх працавалі 24 педагогі з устаноў адукацыі раёна і 12 выкладчыкаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Дзейнічаў прапускны рэжым.
Новаўвядзеннем сёлетняй уступнай кампаніі стала забарона знаходжання ў аўдыторыях ЦЭ педработнікаў, якія выкладаюць прадмет, па якім праводзіцца выпрабаванне. Навацыяй з’яўляецца і забарона праносу ў пункты здачы ЦЭ мабільных тэлефонаў і іншых носьбітаў інфармацыі. Нават калі абітурыент яго і не выкарыстае, але ўстройства знойдуць падчас экзамену, то выпускнік будзе адхілены ад яго здачы.
У пункце правядзення ЦЭ для яго ўдзельнікаў створаны камфортныя і бяспечныя ўмовы знаходжання, усё прадумана да дробязяў. Працаваў буфет, дзе трансліраваліся прафарыентацыйныя відэаролікі,
забяспечаны пітны рэжым і г. д. У пункце правядзення ЦЭ дзяжурылі прадстаўнікі РАУС, райбальніцы, РАНС і іншых службаў. Бацькам
не варта хвалявацца, калі ў сына ці дачкі перастане пісаць ручка – яны маюцца ў дастатковым запасе.
– 26 мая стаў вельмі адказным днём для юнакоў і дзяўчат. Яны здалі першы ў сваім жыцці цэнтралізаваны экзамен. Кантроль за ходам правядзення ЦЭ вёў і прадстаўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю. Прыемна адзначыць, што заўваг мы не атрымалі.
Не было і адпраўленых з экзамену навучэнцаў. Плюс у прадуманай навігацыі. Выпускнікі арганізавана прыходзілі ў аўдыторыі, паказвалі пропуск і пашпарт і па схеме бачылі, куды неабходна ісці і на якія месцы садзіцца. Перад пачаткам ЦЭ педагогі яшчэ раз нагадалі аб правілах запаўнення бланкаў, і экзамен пачаўся ў вызначаны тэрмін, –  адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
Наступны цэнтралізаваны экзамен пройдзе 29 мая. У гэты дзень адзінаццацікласнікі будуць здаваць беларускую ці рускую мову.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

ФАКТ

Для аператыўнага рэагавання і ўхілення недахопаў,
а таксама ажыццяўлення зваротнай сувязі з насельніцтвам
у Камітэце дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці арганізавана правядзенне гарачай лініі па пытаннях уступнай кампаніі па тэлефонах 8 (0162) 21-18-76 і 21-25-08.