«Нам гэты мір завешчана берагчы». Хто стаў пераможцай раённага творчага конкурсу «Нам гэты мір завешчана берагчы»

Годам міру і стварэння стаў у Беларусі 2023 год. Вельмі важна прыцягнуць увагу падрастаючага пакалення да праблемы захавання міру, трансліраваць арыенціры дабра і добразычлівасці ў адносінах да навакольных. Фарміраванне разумення важнасці актыўнай асабістай пазіцыі кожнага чалавека для захавання міру, выхаванне пачуцця адказнасці і яднання са светам, прыродай, іншымі людзьмі, успрымання сябе як часткі цэлага свету – вось асноўныя задачы, якія ставяць перад сабой у гэты год установы адукацыі і культуры.

Для рэалізацыі ідэй і задач у рамках аб’яўленага Года міру і стварэння, прыцягнення дзяцей і моладзі да стваральнай дзейнасці Ляхавіцкай
раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай сумесна з Ляхавіцкай дзіцячай школай мастацтваў і раённай арганізацыяй ГА «Беларускі фонд міру» быў аб’яўлены раённы творчы конкурс «Нам гэты мір завешчана берагчы». Конкурс праходзіў з 4 мая па 14 жніўня 2023 года, да ўдзелу запрашаліся юныя жыхары горада і раёна ва ўзросце 6–18 гадоў.
Рабяты маглі праявіць свой творчы патэнцыял у некалькіх напрамках: да ўдзелу ў розных намінацыях прымаліся вершы, расказы і сачыненні, малюнкі і лагатыпы, відэаролікі. Усе работы былі своеасаблівыя і непаўторныя, прасякнуты пачуццём глыбокай любві і павагі да сваёй малой радзімы і яе гісторыі. Членамі конкурснай камісіі ацэньваліся арыгінальнасць, нестандартнасць, навізна ў падачы матэрыялу, дакладнасць аўтарскай ідэі і пазіцыі. Лепшым творам паэзіі стаў верш «Ты мір захоўвай і беражы» Яны Дабравольскай (Начаўская СШ), а сярод празаічных работ –
расказ «Дзіўны хлопчык» Паліны Русінай (Дараўская СШ). Лепшай мастацкай выявай прызнаны малюнак Ляхавіцкай фартэцыі Арсенія Гачко (Крывошынская СШ), самы нестандартны лагатып Ляхавіцкага раёна распрацавала вучаніца гімназіі Маргарыта Матчэня. Сярод відэаработ лепшым аказаўся ролік пра сядзібу ў в. Грушаўка, зняты Мікітам Шчукам (СШ № 2 г. Ляхавічы). Таксама заахвочвальны-
мі прызамі ад арганізатараў конкурсу ў сваіх намінацыях былі адзначаны Надзея Біза (СШ № 2 г. Ляхавічы), Дамініка Грамак (Жарбковіцкая СШ) і Ульяна Вайшэвіч (Ліпская СШ).
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу адбылася ў рамках раённага піянерскага злёту «Салют піянерскаму папаўненню», дыпломы і прызы ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі дырэктар ДУК «Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Вольга Пляшэвіч і старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Ларыса Юшкевіч.
Арганізатары конкурсу выказваюць удзячнасць усім нераўнадушным удзельнікам за іх жаданне ствараць і дзяліцца вынікамі сваёй працы, жадаюць поспехаў, натхнення, удалых ідэй і дасягнення новых вышынь. Да сустрэчы ў новых конкурсах!
Лізавета МАЦУЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Ляхавіцкай ЦБС.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.