З навінамі да адрасатаў . 9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты

У аграгарадку Навасёлкі больш за дзве сотні адрасатаў атрымліваюць газеты, часопісы, у тым ліку «Ляхавіцкі веснік».

Дастаўляе прэсу, а яшчэ пенсіі і розныя заказы начальнік Навасёлкаўскага аддзялення паштовай сувязі Святлана Баковіч, якая сумяшчае абавязкі і паштальёна. З 8 да 14 гадзін кіруе аддзяленнем паштовай сувязі, дзе, акрамя афармлення падпіскі і паштовых адпраўленняў, прымае шматлікія плацяжы, прапануе землякам у шырокім асартыменце тавары спажывецкага попыту.
А з 14 гадзін з аб’ёмнай сумкай паштальён накіроўваецца па знаёмых маршрутах. Багаж паштальёна важыць нямала, асабліва па серадах і суботах, калі выходзіць раёнка. Але гэта толькі радуе – больш нагод сустрэцца з аграгараджанамі і пажадаць ім добрага здароўя. Адказная і жыццярадасная, яна і да працы, і да людзей ставіцца з павагай і душой.


У прафесіі Святлана Віктараўна 34 гады, з іх больш за дзесяцігоддзе працуе ў Навасёлках. І адзначае, што работу сваю любіць і на іншую не змяніла б. Прафесійны выбар, можна сказаць, прадвызначылі бацькі: маці працавала на пошце сартавальніцай пісьмовай карэспандэнцыі (дачка ёй дапамагала, асабліва напярэдадні
навагодніх святаў), бацька – вадзіцелем на паштовай машыне. Святлана паспяхова прадоўжыла сямейную дынастыю.
– У Святланы Баковіч – немалы ўчастак абслу-гоўвання, але яна спраўляецца! Сапраўдны прафесіянал з багатым вопытам працы і высокімі адзнакамі за сваю работу, – характарызуе падначаленую начальнік Баранавіцкага РВПС Вольга Арэхва.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.