Звярнуцца да псіхіятра не сорамна. 10 кастрычніка – Сусветны дзень псіхічнага здароўя

Згодна са статыстыкай СААЗ кожны восьмы чалавек пакутуе ад псіхічнага захворвання, пераважна гэта трывожна-дэпрэсіўныя расстройствы.

Нярэдка за псіхіятрычнай дапамогай звяртаюцца людзі, якія сутыкаюцца з тым, што сталі менш атрымліваць задавальнення ад жыцця, сталі трывожнымі, дрэнна спяць, з’явіліся думкі пра суіцыд. Як правіла, гэта адбываецца пасля ўздзеяння стрэсавых фактараў (смерць мужа ці жонкі, пераезд, звальненне, некалькі гадоў без водпуску). Часцяком прычынай для зваротаў становяцца сімптомы, з-за якіх ужо звярталіся да ўрачоў-тэрапеўтаў. Аднак аналізы і абследаванні нічога не выявілі, гэта значыць саматычна чалавек здаровы. Часта з моманту развіцця сімптомаў праходзіць два-тры месяцы, а іншы раз чалавек церпіць больш за год, перш чым звярнуцца за дапамогай. Прычына – сорам і страх. Чаго часцей за ўсё апасаюцца?

Баюся звярнуцца ў дзяржустанову, мяне паставяць на ўлік.
Улік, інакш кажучы, дыспансернае назіранне, згодна з артыкулам 33 Закона аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі (далей ЗАПП) устанаўліваецца за пацыентам, які пакутуе хранічным або зацяжным псіхічным расстройствам (захворваннем) з цяжкімі, стойкімі нездаровымі праяўленнямі або якія часта абвастраюцца.
Такога ж роду назіранне існуе ва ўрачоў іншых профіляў, напрык-
лад, урача агульнай практыкі, неўролага.

Пачну піць псіхіятрычныя прэпараты, і потым у мяне разаўецца залежнасць.
Большасць прэпаратаў, якія назначае ўрач-псіхіятр, урач-псіхатэрапеўт, не выклікае залежнасці. Невялікая колькасць прэпаратаў, якія сапраўды маюць нізкую рызыку развіцця залежнасці, выпісваецца па рэцэпце (звычайным або з пэўнай ступенню абароны жоўтага колеру). У выпадку назначэння такіх прэпаратаў урач тлумачыць, як правільна іх прымаць, каб не было падобнай рызыкі. На жаль, гэты міф склаўся асабліва вакол прыёму антыдэпрэсантаў. Звязана гэта з тым, что пры рэзкай самастойнай адмене пацыентам прыёму даных прэпаратаў сапраўды могуць узнікаць непрыемныя «пабочныя эфекты». Але гэта не прыкметы залежнасці, а менавіта сімптомы адмены, якія праходзяць на працягу пары дзён.

Пазвоняць на работу і скажуць, што я «псіх».
Урачэбная тайна распаўсюджваецца і на пацыентаў псіхіят-
рычнага профілю, больш таго, выдаванне звестак лічыцца парушэннем артыкула 20 ЗАПП.

А можа я ўсё сабе надумаў? Прыйду і дарэмна змарную час псіхіятра.
Калі на працягу доўгага (больш за тыдзень-два) часу вы адчуваеце сімптомы, якія трывожаць, а ваш урач агульнай практыкі гаворыць, што з вашым фізічным здароўем усё ў парадку, – гэта дастатковая прычына, каб звярнуцца за кансультацыяй да ўрача-псіхіятра ці ўрача-псіхатэрапеўта. Вам падкажуць, што яшчэ можна зрабіць, абследаваць, а ў выпадку наяўнасці расстройства
змогуць падабраць неабходнае лячэнне.

Прыеду да псіхіятра, а ён адразу адправіць ў бальніцу, дзе буду ляжаць невядома колькі.
Псіхіятр, як і псіхатэрапеўт, па магчымасці стараецца дапамагаць амбулаторна. Шпіталізацыя прапаноўваецца, як правіла, у складаных выпадках або тых, калі патрабуюцца экспертыза і ўрачэбная камісія. Прымусовыя шпіталізацыі вельмі рэдкія, кожны з гэтых выпадкаў рэгламентаваны артыкулам 36 ЗАПП. Для яе ажыццяўлення патрабуюцца рашэнне ўрачэбнай камісіі і пастанова суда. Падставы для прымусовай шпіталізацыі чалавека: непасрэдная небяспека для сябе і (або) іншых асоб, яго бездапаможнасць, магчымасць прычынення істотнай шкоды свайму здароўю з-за пагаршэння. У іншых выпадках шпіталізацыя лічыцца незаконнай.
Калі ў вас ёсць сімптомы, якія непакояць, не саромейцеся звярнуцца за дапамогай. Памятайце, што любую хваробу прасцей вылечыць, калі са зваротам па яе прычыне не зацягваюць.

Міхаіл КАНДРЫЦА,
урач-псіхатэрапеўт аблбальніцы «Крывошын».