Дыялог пра важнае. Дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Южакоўскай выбарчай акрузе № 3 галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч сустрэўся з работнікамі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»

Сустрэчы прадстаўнікоў органаў выканаўчай і заканадаўчай улады з працоўнымі калектывамі з’яўляюцца запатрабаванай формай дыялогу «ўлада-народ».

У мінулы чацвер дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Южакоўскай выбарчай акрузе № 3 галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч сустрэўся з работнікамі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Спачатку ў цэнтры ўвагі былі хвалюючыя для кожнага чалавека пытанні, звязаныя з сістэмай аховы здароўя. Галоўны ўрач закрануў шэраг медыцынскіх тэм: кадравае забеспячэнне, рамонт і мадэрнізацыя райбальніцы, ФАПаў і сельскіх амбулаторый урача агульнай практыкі, тэхнічнае пераўзбраенне і набыццё новага медыцынскага абсталявання.
Таксама Георгій Хлябовіч расказаў пра работу мясцовых органаў улады і дэпутацкага корпуса раёна, спыніўся на розных аспектах надыходзячай электаральнай кампаніі 2024 года, а таксама ўзгадаў, як праходзіў Усебеларускі рэферэндум па змяненнях у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Актыўна ўдзельнічалі ў размове і камунальнікі. Узнятыя імі пытанні тычыліся работы сістэмы «Талон. бай», паліклінічнага прыёму вузкіх спецыялістаў і іншых тэм у галіне аховы здароўя раёна.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, намеснік старшыні раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Ларыса Юшкевіч расказала пра станаўленне партыі, пра яе асноўныя функцыі і задачы, пазнаёміла з парадкам уступлення. Узгадала і тое, што ў электаральнай кампаніі 2024 года «Белая Русь» прыме актыўны ўдзел, яе прадстаўнікі будуць прэтэндаваць на дэпутацкія мандаты, а таксама увойдуць у склад выбарчых камісій і стануць назіральнікамі на выбарах.
Падчас сустрэчы быў і ўрачысты момант. Ларыса Юшкевіч уручыла членскія білеты партыі «Белая Русь» работнікам камунгаса Іне Смаршчок і Аляксандру Максімчыку.
«Белая Русь» – партыя маладая, ёй усяго некалькі месяцаў, але яна імкліва набірае папулярнасць, аб’ядноўвае ў сваіх радах людзей розных узростаў, працаўнікоў многіх сфер. Дарэчы, Георгій Хлябовіч адным з першых у раёне ўступіў у рады партыі «Белая Русь».
– У сучасным свеце нам, людзям неабыякавым да будучыні сваёй краіны, сваіх родных і блізкіх, неабходна яднанне для рэалізацыі многіх актуальных і надзённых пытанняў. Упэўнены, што разам мы здольны на многае. У тым ліку і далей будаваць моцную і квітнеючую краіну, у якой кожны грамадзянін адчувае сябе свабодным, самадастатковым, можа рэалізоўваць свае планы і задумкі.Толькі разам, аб’яднаныя адзінымі памкненнямі, зможам яшчэ больш актыўна выхоўваць пачуццё патрыятызму і духоўныя каштоўнасці падрастаючага пакалення – гаранта нашага заўтра, –
адзначае Георгій Хлябовіч.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.