З павагай да маці і памяці. Напярэдадні Дня маці ў Ляхавічах ушаноўвалі зямлячак, чые сыны загінулі ў мірны час пры выкананні воінскага абавязку

Напярэдадні Дня маці ў Ляхавічах ушаноўвалі зямлячак, чые сыны загінулі ў мірны час пры выкананні воінскага абавязку. Ім – Але Іванаўне Свянтэцкай, Веры Аляксееўне Коктыш і Кацярыне Аляксееўне Станіславовіч – ад кіраўніцтва раёна шчырая ўдзячнасць і нізкі паклон за сыноў-герояў, за мацярынскую стойкасць і за тое, што сёння яны разам з намі.

Не ўсе з іх змаглі 12 красавіка прыняць запрашэнне для ўдзелу ў афіцыйным прыёме, і да іх завіталі дадому. Ад райвыканкама і сацыяльнай службы паважаным зямлячкам – сардэчныя віншаванні з Днём маці і матэрыяльная падтрымка, ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» – кветкі як сімвал прыгажосці і даўгалецця.
У кожнай з гэтых жанчын-маці няпросты лёс: страціць дзіця ў мірныя дні – непапраўнае гора, якое час не лечыць.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз пажадаў маці здароўя і сілы, адзначыў, што вельмі важна захоўваць памяць пра нашых землякоў, хто аддаў сваё жыццё, выконваючы задачы па абароне Айчыны.
– Ніколі не думала, што адпраўлю сына ў армію і атрымаю адтуль страшную вестку, – дзеліцца жыхарка вёскі Крывошын
Ала Свянтэцкая.
Яе сын – 18-гадовы Сяргей Свянтэцкі, ваеннаслужачы ўнутраных войскаў – стаў на шляху бандытаў, якія спрабавалі ўцячы са спецвагона ў Баранавічах і захапіць вагнястрэльную зброю. Тыя трагічныя ліпеньскія падзеі 1997 года, калі асуджаныя вырваліся з-пад варты і з нажамі, заточкамі накінуліся на каравул, прагрымелі на ўсю Беларусь. Дзякуючы мужнасці нашага земляка задумка небяспечных злачынцаў не спраўдзілася, іх уцёк быў спынены цаной жыцця Сяргея Свянтэцкага.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргей Свянтэцкі першым з унутраных войскаў быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць».
Ала Іванаўна шчыра падзякавала кіраўніцтву раёна і ўсім, хто меў дачыненне на рэканструкцыі помніка яе сыну. Бягучы рамонт элементаў добраўпарадкавання і помніка выкананы па ініцыятыве Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў і раённай арганізацыі Беларускага фонда міру са спонсарскай дапамогай ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» і ААТ «Шлях новы».
Жыхарка Зубелевічаў Вера Коктыш жыла, як усе, працавала ў саўгасе-тэхнікуме, гадавала дзяцей. Як і ўсе, праводзіла сына ў армію і дала наказ служыць дастойна. Сёння 88-гадовая маці прызнаецца: у дзень, калі даведалася, што яе сын – 19-гадовы Мікалай Коктыш, вадзіцель узвода матэрыяльнага забеспячэння – загінуў падчас нясення воінскай службы, здаецца, спынілася сэрца…
У ляхавічанкі Кацярыны Станіславовіч сына Валерыя на ваенную службу прызвалі 5 снежня 1990 года, а праз год і некалькі месяцаў у сям’ю ўварвалася бяда. 20-гадовы радавы Валерый Станіславовіч пры выкананні баявога задання быў цяжка паранены і памёр 21 лютага 1992 года ў горадзе Гянджэ Азербайджанскай Рэспублікі…
– Напярэдадні Дня маці шмат нашых зямлячак заслугоўваюць шчырых слоў удзячнасці за выхаванне сваіх дзяцей. Няхай больш будзе нагод для гонару за сваіх дачок і сыноў. Усім мамам – шчасця, здароўя і любві дзяцей, – падкрэсліла старшыня раённай арганізацыі БСЖ начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.