Прастуда без даведкі. Ці трэба ісці ў паліклініку, калі забалела дзіця

Выхаванцы дзіцячых садоў, школьнікі і студэнты пры наяўнасці прыкмет прастуды могуць адсутнічаць на занятках да пяці дзён без прадастаўлення даведкі аб часовай непрацаздольнасці. Рашэнне, прынятае Міністэрствам аховы здароўя, пачало дзейнічаць з 9 кастрычніка.

За каментарыем «ЛВ» звярнуўся да начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святланы Якубоўскай:
– Адпаведнае рашэнне дзейнічае ва ўсіх установах адукацыі Ляхавіцкага раёна на перыяд высокага ўздыму захворвання вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі і дазволіць прадухіліць іх распаўсюджванне. Як працуе гэта норма? Калі ў дзіцяці павысілася тэмпература і праявіліся іншыя прыкметы прастуды, то бацькам не трэба адпраўляць яго на заняткі. Першае, што неабходна зрабіць, – праінфармаваць класнага кіраўніка ці прадстаўніка ўстановы адукацыі. І, канешне, лячыць дзіця. Калі ж хвароба зацягваецца, і адведзеныя пяць дзён мінулі, то паход у паліклініку абавязковы. Такая практыка дзейнічала некалькі гадоў назад падчас распаўсюджвання каранавіруса і паказала сваю эфектыўнасць. Пасля, канешне, была адменена.
У пісьме Міністэрства аховы здароўя, якое накіравана ў Мінадукацыі, указана, што рашэнне дзейнічае да асаблівага распараджэння і, значыць, можа быць адменена новым загадам Міністэрства аховы здароўя.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.