У сваё свята падарунак землякам. Паўвекавы юбілей завод па вырабе тарфяных паліўных брыкетаў «Ляхавіцкі» сустракае ў рангу лепшага

Свой паўвекавы юбілей завод па вырабе тарфяных паліўных брыкетаў «Ляхавіцкі» сустракае ў рангу лепшага сярод роўных

Назваць гэта афіцыйнай пазіцыяй, канешне ж, не выпадае. Хоць бы таму, што падобнага чэмпіёнскага конкурсу не праводзілася. Ды і ці магчыма? А калі праводзіць, то што браць за аснову, якія паказчыкі ўлічваць? Вал і якасць вырабляемай прадукцыі, долю ў агульнарэспубліканскім торфабрыкетным «пірагу», геаграфію і аб’ёмы экспартных паставак, сацыяльную і іншага кшталту значнасць для рэгіёна, у якім размешчаны? Але ж безумоўным і вядомым, у тым ліку ў вузкім коле спецыялістаў тарфяной галіны, фактам з’яўляецца тое, што па пералічаных крытэрыях паспяховасці наш торфабрыкетны знаходзіцца на, як мінімум, прызавых пазіцыях у краіне.

У мінулы чацвер Тухавічы выйшлі за рамкі сваёй будзённасці. З рабочага пасёлка, якіх нямала, сталі ці не паліўна-энергетычнай сталіцай. Да свайго залатога юбілею памаладзелі, пахарашэлі, прыбраліся-ўпарадкаваліся па ўсіх накірунках. Вытворчыя і адміністрацыйныя фасады атрымалі новую свежасць і другую яркасць. Плюсавыя пераўтварэнні можна заўважыць паўсюдна, ці не на кожным кроку. Усё гэта, канешне ж і ў першую чаргу, для сваіх жыхароў, работнікаў прадпрыемства. Але і з жаданнем сустрэць гасцей юбілейнага свята-ўрачыстасці ў сваім лепшым убранні.
На пытанне, якое прадпрыемства ў сістэме «Белпалівагазу» можна адзначыць у першую чаргу, дырэктар размешчанага ў Гродзенскай вобласці торфабрыкетнага завода – прадпрыемства-канкурэнта па сутнасці – адначасова з жэстам у бок брыкетнага цэха ТБЗ «Ляхавіцкі» адказаў літаральна наступнае:
– Верагодна гэта. У Старобіне стала дрэнна з сыравіннай базай. У мяне, дарэчы, таксама.
Акрамя дырэктарскага складу торфапрадпрыемстваў краіны, у Тухавічах шчыра і ўрачыста віталі, па-святочнаму сустракалі даволі шырокую дэлегацыю дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белпалівагаз» Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь на чале з генеральным дырэктарам Аляксеем Кушнарэнкам. Канешне ж, залаты тухавіцкі юбілей, а завод і пасёлак равеснікі, не ўяўляюцца адзін без другога, не маглі застацца без увагі раённых улад. Заканадаўчую прадстаўляў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, выканаўчую – намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэй Навагран.
Чаргу юбілейных урачыстасцяў адкрыла аглядная экскурсія па аддзяленнях і ўчастках брыкетнага цэха: прэсавае аддзяленне, вытворчая лабараторыя, памяшканне апаратнай, адкуль ажыццяўляецца маніторынг за ўсімі аперацыямі тэхпрацэсу па вырабе тарфяных паліўных брыкетаў. Што адметна, завод пры гэтым не прыпыняў сваю звычайную вахту, даваў брыкет у патрэбных на той момант аб’ёмах.
Нельга было не звярнуць увагу, наколькі пільна тут сочаць за выкананнем правілаў аховы працы ўвогуле і тэхнікі бяспекі ў прыватнасці. Перш чым трапіць за прахадную завода – адпаведны інструктаж і «бяспечная» экіпіроўка кожнаму. Ледзь ці не з усіх завадскіх сцен плакаты-напаміны, плакаты-заклікі накшталт «спачатку – бяспека, і толькі пасля – работа».
Напрыканцы шырокае, як гарадская плошча, і на той момант яшчэ вольнае ад работ памяшкане рамонтна-механічнай майстэрні стала дыялогавай пляцоўкай. З аднаго боку – кіраўніцтва завода-юбіляра, з другога – госці: абмен думкамі, меркаваннямі, прафесійныя пытанні і такія ж кваліфікаваныя адказы.
Затым была Тухавіцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Адрамантаваны, да- і перааснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем да стану ці не абсалютнай навізны аб’ект аховы здароўя прад’явіў сябе ў самым лепшым выглядзе. Ды, па словах галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Георгія Хлябовіча, якія былі сказаны перад тым, як перарэзаць чырвоную стужку і адкрыць жыхарам мясцовасці «шлях у новую медыцыну», Тухавіцкая АУАП і ёсць лепшая.
У чым маглі ўпэўніцца і запрошаныя госці юбілейных мерапрыемстваў, і жыхары Тухавіч. Апошніх, дарэчы, сабралася нямала, яны не шкадавалі лагодных усмешак адабрэння, прывітальных апладысментаў у момант пікавай урачыстасці.
– Усе гэтыя здаровыя пераўтварэнні для нас, – ледзь улоўна пачулася недзе побач.
Дзякуючы фінансавай падтрымцы ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» ў мясцовай амбулаторыі пастаўлены новы камплект стаматалагічнага абсталявання, масажнае крэсла, пераабсталяваны фізіятэрапеўтычны кабінет і іншае.
– Калі сабраліся і раіліся, які падарунак пасёлку можам зрабіць, вырашылі пераабсталяваць амбулаторыю. Ёй, як і заводу, паўвека. У пасёлку пражывае каля шасці дзясяткаў ветэранаў тарфяной вытворчасці. А здароўе з’яўляецца галоўным для ўсіх, асаблівую каштоўнасць мае для людзей пажылых, нашых ветэранаў, – з аргументамі галоўнага інжынера завода Аляксандра Бацвінкі спрачацца не выпадае.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ