Тры кварталы. Вал вытворчасці малака ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Ляхавіцкага раёна за дзевяць месяцаў года павялічыўся амаль на 10 працэнтаў

Вал вытворчасці малака ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна за дзевяць месяцаў года павялічыўся амаль на 10 працэнтаў

Ад агравытворчага 2023-га засталося зусім нічога. Па сутнасці, завяршыць з кукурузай і разабрацца з цукровымі буракамі. Канешне, калі апошнія значацца ў спісе інтарэсаў кожнай канкрэтнай гаспадаркі. Зяблевая апрацоўка глебы? Так, яна доўжыцца да крайняга гектара або трывалых маразоў. Да таго ж, успрымаецца як пачатак будучага, а не завяршэнне бягучага палявога сезона.

Але ж не толькі паляводства. Прыкладна на 60, а то і больш працэнтаў эканоміку сельгаспрадпрыемстваў «корміць» жывёлагадоўля. Якая, у сваю чаргу, корміцца дзякуючы рабоце раслінаводчага сектара і ў адносінах якой паняцце сезоннасці мае сваю спецыфіку –
дзеліцца на пашавае ўтрыманне жывёлы і зімова-стойлавае. Пакуль дзеліцца, а з улікам таго, што з кожным па часе крокам усё больш статкаў буйной рагатай жывёлы застаецца ў стойле круглы год або выганяецца на пашу, хутчэй, дзеля мацыёну, праглядваецца тэндэнцыя, што падобнае дзяленне некалі перастане быць актуальным. У меркаваннях пра плюсы круглагадовага стойлавага ўтрымання кароў спецыялісты звяртаюць увагу на факт аднастайнасці рацыёну жывёлы, у выпадку аддаленасці пашавых угоддзяў ёй не даводзіцца траціць сілы і энергію на шлях туды-назад. Мяркуецца, што звышнарматыўны дынамізм жывёлы служыць не на карысць яе прадукцыйнасці. І іншае.
У нашым раёне ў рознай ступені практыкуюцца абодва з названых метадаў. І статкі БРЖ, якія ў цёплы перыяд выганяліся на пашу, нарэдка іменна ў кастрычніку пераводзіліся на зімова-стойлавае ўтрыманне. Вядомае правіла, што ўсё рэзка іншае ў дачыненні да жывёлы на першым часе адмоўна адбіваецца на яе прадукцыйнасці –
паказчыку ўдояў у нашым выпадку. І, як заявіў у сваім нядаўнім выступленні першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык, у гэтым годзе з мэтай не дапусціць падобнага сельгасарганізацыі сталі паступова пераводзіць статкі жывёлы з лета на зіму. Прывучалі яшчэ з верасня. І хоць абсалютнага выніку дасягнуць не атрымалася, «адскок» атрымаўся меншым.

Малако ў каровы на языку
Кармы з’яўляюцца самым першым аспектам. Іншымі словамі, іх недахоп нічым немагчыма кампенсаваць. Якімі б цудоўнымі не былі ўмовы ўтрымання, ветэрынарнае суправаджэнне, адносіны персаналу фермаў да жывёлы, у сітуацыі недакормленасці «высокага» малака ад яе не атрымаеш – што ні рабі і як ні старайся.
У гэтай сувязі будзе дарэчы ўзгадаць пасыл начальніка райсельгасхарчу падчас выступлення на кастрычніцкім пасяджэнні райвыканкама, адно з пытанняў якога прысвячалася жывёлагадоўлі: апошнія два гады раён поўнасцю забяспечвае сябе травяністымі кармамі ўласнай вытворчасці, дакупляць няма неабходнасці. Так, застаюцца пытанні адносна якасці сенажоў-сіласаў:
на жаль, пакуль не ўсе раённыя корманарыхтоўкі з’яўляюцца высокакласнымі.

Работы на перспектыву – будаўніцтва фермаў і рэканструкцыя
старых жывёлагадоўчых памяшканняў

У актыў раённай жывёлагадоўлі неабходна занесці факт даволі актыўнага будаўніцтва. Новым будаўніцтвам, рэканструкцыяй, пераабсталяваннем і, адпаведна, вывадам жывёлагадоўчых аб’ектаў на іншы фармат работы апошнім часам адзначыліся СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы» і «Нача», СУП «Ліпнянка» і «Белазем’е». Нямала ў гэтым накірунку ўжо зроблена і дае прадукцыю, некаторыя аб’екты працягваюць узводзіцца, асобныя значацца ў планах гаспадарак.
Усё з пералічанага, пакладзенае ці памножанае на руплівую працу жывёлаводаў дало станоўчы вынік. За тры сёлетнія кварталы валавая вытворчасць малака ў раёне склала амаль 46,5 тысячы тон, што на 9,6 працэнта перавышае ўзровень аналагічнага перыяду леташняга года.
Ростам адзначылася большасць сельгаспрадпрыемстваў раёна. Самую значную прыбаўку паказала жывёлагадоўля СУП «Ліпнянка», у якім вытворчасць малака за дзевяць сёлетніх месяцаў больш як у два з паловай раза перавысілі ўзровень мінулага года. Канешне, узровень той быў, мякка кажучы, зусім невялікі, а, значыць, параўноўваць лічбы росту «Ліпнянкі» і, напрыклад, паўтарапрацэнтнае змяншэнне валавых надояў ААТ «Нача» не з’яўляецца карэктным.
Размова пра вытворчую дынаміку, пра тое, што глыбокая рэканструкцыя з пускам у красавіку ў эксплуатацыю МТФ «Ліпск» пачынае прыносіць вынік. Узгадваюцца словы, сказаныя тады ж адным са спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны раёна: самы перспектыўны статак жывёлы сабраны на гэтай малочнатаварнай ферме.
Па выніках трох кварталаў года адчувальна прыбавіла ў вытворчасці малака і ААТ «Шлях новы». Яго «рака» пашырылася ў берагах фактычна на чвэрць у параўнанні з мінулагоднімі дзевяццю месяцамі. Сёння яна з’яўляецца другой па паўнаводнасці ў раёне. Пасля ААТ «Жарабковічы» і па выніках трох кварталаў года склала больш за дзевяць з паловай тысяч тон. З шэрага прычын, якія сыгралі на карысць «Шляху навага», можна назваць работу над павышэннем патэнцыялу прадукцыйнасці статкаў жывёлы, паляпшэнне кармавой базы і запасаў за апошнія часы. Напрыклад, выкарыстанне ў якасці кармавой дабаўкі плюшчанага зерня кукурузы, запасы якога летась уяўляліся самымі значнымі сярод сельгасарганізацый раёна. Дарэчы, трэнд на гэты від корму гаспадарка прадоўжыла і зараз. Многія тоны плюшчанага,
складзіраванага ў доўгія поліэтыленавыя рукавы кукурузнага
зерня ўжо з’явіліся ўздоўж фасадаў малочнатаварных фермаў «Навасёлкі», «Сакуны» і іншых.
Нельга не адзначыць імкненне «Шляху новага» будавацца. Хоць асобныя моманты рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшкан-
няў, параўнальна нядаўняе ўзвядзенне новай фермы «Літва» здаюцца, хутчэй, перспектыўнымі праектамі, работай на будучае.
На працягу трох кварталаў года «Шлях новы» значна падняўся таксама і па паказчыку ўдойнасці сярэдняй каровы. У параўнанні з мінулагодняй базай кожная рагуля «Шляху новага» па паказчыку малакапрадукцыйнасці прыбавіла амаль 700 кілаграмаў.

Якасць – мінус
Як не самае лепшае адзначым факт некаторага зніжэння якасці малака. Акрамя ЗАТ «Белпрампрыбор», якое па-ранейшаму трымаецца на сваіх жа 100 працэнтах і СУП «Ліпнянка», аб’ёмы продажу малака гатункамі экстра і вышэйшым зменшылі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна. Адны на дзясятыя долі працэнта, іншыя на пару-тройку працэнтных пунктаў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.