Плуг у баразне. Як справы на сельскагаспадарчых палетках «Ляхавіцкага»

Старшыня Іван Вітко.

Лістапад пачаўся звычайна. У тым сэнсе, што сельскагаспадарчыя палеткі традыцыйна «скінулі» з сябе ўраджайныя здабыткі сезона. Усё вырашчанае ўбрана, сабрана і, бадай, акрамя цукровых буракоў, вывезена.
А ў сэнсе надвор’я першыя дні лістапада выдаліся незвычайна цёплымі, спрыяльнымі для прадаўжэння асенне-ворыўных работ.

Механізатар Леанід Пішч.

Падняцце зябліва – гэта ўжо гісторыя пра ўраджай будучы. Самы яе пачатак, аснова нават і вельмі працаёмісты від палявых работ. Над закладкай фундаментальнай асновы сваіх будучых ураджаяў і працуюць зараз аграпрадпрыемствы раёна.
– Чым больш уздымем, узаром глебы з восені, тым менш напружанай будзе яравая кампанія. Калі дазволіць надвор’е, і з ворывам атрымаецца завяршыць у запланаваных аб’ёмах, вясною не давядзецца адцягваць сілы яшчэ і на ворыва. І без яго яравая кампанія патрабуе высокай канцэнтрацыі сродкаў і намаганняў, рацыянальнага іх размеркавання і выкарыстання па часе. Пры тым, што ён на сяўбе бяжыць вельмі і вельмі хутка. Ды і наогул названы від апрацоўкі глебы садзейнічае вырашэнню шэрага пытанняў аграрнага характару. Зябліўнае ворыва істотна павышае здольнасць глебы назапашваць у сабе спажыўныя рэчывы – той жа азот, напрыклад. Яна становіцца больш прыдатнай для акумуляцыі вільгаці. Яшчэ – садзейнічае барацьбе з пустазеллем, шкоднікамі палёў, хваробатворнымі мікраарганізмамі, дазваляе пазбавіцца ад пажніўных рэшткаў і іншае. Таму гэтаму віду сельскагаспадарчых работ у нашай гаспадарцы надаецца такое ж важнае, як і ўсім іншым палявым аперацыям, значэнне, – тлумачыць старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко, пакуль яго шэры ад палявых шляхоў УАЗік імчыць нас на аддаленыя, размешчаныя ў межах вёсак Цыгань і Меляхі сельгасплошчы прадпрыемства. Па дарозе час ад часу з вытворча адладжанай рэгулярнасцю праносяцца МАЗы. На што Іван Аляксандравіч рэагуе прыкладна так: гэта нашы, чарговы раз вяртаюцца пад загрузку арганікай.


А на прызначаным на той дзень пад ворыўныя работы полі і вакол яго канцэнтрацыя тэхнікі, рух. Працоўнае напружанне чытаецца літаральна ў кожным руху, манеўры сельгасмашын. Іх – розных – тут ці не цэлы парк.
– Сёння на вывазку і ўнясенне ў палі ўгнаенняў задзейнічалі восем адзінак раскідвальнікаў арганікі, на лініі па падвозцы апошняй працуюць пяць МАЗаў, асобныя з якіх даабсталяваны прычэпамі. Плячо дастаўкі кароткім не назавеш, а іменна ад хуткасці дастаўкі-ўнясення арганікі залежаць тэмпы вядзення зяблевай апрацоўкі. Думаю, можна назваць гэта нават стрымліваючым фактарам.
З мэтай калі не выключыць, то мінімізаваць гэты дысбаланс сёння пераразмеркавалі адзін трактар з ворыва на ўнясенне арганікі, – пасвячае ў нюансы і асаблівасці восені кіраўнік сельгаскааператыва.
Згодна з тэхналогіяй выканання работ па зяблевай апрацоўцы палёў, унесеная
ў поле арганіка ў той жа дзень павінна быць і заворана. Пакідаць яе на паверхні глебы на заўтра ці, тым горш, на больш працяг-
лы тэрмін, па словах старшыні-агранома, стратна, нявыгадна, не па-гаспадарску.
Убачанае на полі пацвердзіла пачутае: трактар-араты і трактар-раскідвальнік арганічнай масы рухаліся па палетку амаль сінхронна, ледзь ці не кола ў кола.
На цыганска-меляхоўскі «кардон» СВК «Ляхавіцкі» прыпадае каля трохсот гектараў угоддзяў. Ад паўнаты запраўкі глебы, якасці вядзення ворыва, выканання ўсіх наступных палявых аперацый залежаць ураджайныя здабыткі сельскагаспадарчай расліны. А, значыць, і асабістая эканоміка кожнага аграрыя, сельскагаспадарчага кааператыва ў цэлым, багацце краіны і Ляхавіцкага раёна.
У планах СВК «Ляхавіцкі» на гэты асенні сезон значыцца падняць зяблівам каля 800 гектараў ворыўных угоддзяў. І, як адзначыў старшыня, па стане на пачатак лістапада, прыкладна на паўтысячы з іх гэтыя работы ўжо былі праведзены. Кожны ўзараны гектар папярэдне атрымаў у сярэднім 60–70 тон арганічных угнаенняў.
А работы працягваюцца і, відавочна, будуць планава завершаны.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.