ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Смак мадэрнізацыі

За навінкамі Ляхавіцкага кансервавага завода землякі не паспяваюць сачыць. Варта сказаць, не толькі землякі, геаграфія прыхільнікаў нашай «Птушкі-ляхавічкі» шырокая – любяць паласавацца і дарослыя, і дзеці. А ўсё таму, што ў прыярытэце натуральнасць, дамашні смак і адсутнасць кансервантаў.
І на гэтыя аспекты, лічы, і працуе вытворчасць завода. Заўсёдны спадарожнік тутэйшых спраў – мадэрнізацыя.

Вось і цяпер на тэрыторыі разгарнулася будаўніцтва. Тут ідуць падрыхтоўчыя работы для ўзвядзення воданапорнай свідравіны. Як гэта звязана з працэсам вытворчасці? Справа ў тым, што раней магутнасці воданапорнай свідравіны хапала на работу адначасова двух цэхаў. Пасля заканчэння будоўлі на поўных магутнасцях змогуць працаваць усе цэхі завода: кансервавы, сокавы, плодаагароднінны. На гэта ж будзе працаваць і новая трансфарматарная падстанцыя, будаўніцтва якой зараз ідзе поўным ходам. І гэта таксама для таго, каб забяспечыць бесперабойную работу трох цэхаў. Але ж апошняе будаўніцтва будзе працаваць і на карысць землякоў. Магутнасць падстанцыі дазволіць часткова забяспечыць электраэнергіяй і горад. Падстанцыя будзе перададзена на баланс «Брэстэнерга» – такі падарунак ляхавічанам.

Прадавец Ірына Бурымская.
Стэрылізатар Таццяна Яраш.
Слесар-рамонтнік Аляксандр Левін.


Навінкі, навінкі і яшчэ раз навінкі – вось так можна ахарактарызаваць прадукцыю, што прадставілі на суд пакупнікоў завадчане. 76 відаў прадукцыі – толькі за гэты год столькі смачных навінак выпусціў кансервавы завод.
А за год па краіне разляцелася больш за 20 мільёнаў умоўных слоікаў. Запатрабаванасць расце!


Сёння завадчане працуюць не толькі над смакам, але і над арыгінальнай падачай. Даспадобы пакупнікам вакуумная ўпакоўка. Цяпер у гэтай сучаснай упакоўцы можна купіць салёныя агуркі, таматы, квашаную капусту, салянку, буракі, бульбу, моркву. Наш кансервавы прапаноўвае адчуць смак дзяцінства – у вакууме цяпер мочаныя яблыкі. Эксклюзіў!
У продажы з’явілася і спаржа. Сярод навінак – перац халапеньё, вішнёвы і фруктовы соусы для мяса. І гэтая смаката – у топе пакупніцкіх пераваг.


Канешне, «заляцелі» ў карзіну пакупніка і кампоты. Магчыма, сакрэт у тым, што ў слоіках смак таго самага дамашняга вішнёвага ці парэчкавага кампоту. Для зручнасці кампоты з’явіліся ў новых аб’ёмах і формах, якую зручна прыхапіць з сабой.
Дарэчы, паспелі паспрабаваць ужо маркоўны сок? У лінейцы продажу ён прадстаўлены ў самых розных аб’ёмах.
Пацікавіліся і пра планы. Там таксама адны навінкі. Наступны год абяцае, што соусы, пюрэ, джэмы з’явяцца ў гнуткіх герметычных упакоўках з дазатарам – Doypack (дой-пак).
У чэрвені на заводзе ўстанавілі новае абсталяванне для выпуску прадукцыі ў сучаснай упакоўцы Bag in box (бэгінбокс). У такой упакоўцы, напрыклад, сокі з рознымі смакамі.
– Ідуць размовы і пра набыццё абсталявання для атрымання соку прамога адціскання. Так у лінейцы могуць з’явіцца агароднінныя і ягадна-фруктовыя напіткі. Плануем запусціць і трэцюю працоўную змену, – гаворыць намеснік дырэктара па вытворчасці і ідэалагічнай рабоце Юрый Цюлянкоў.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.