Блізка да кожнага сэрца. Трагедыя ў Сваятычах ускалыхнула ўвесь Ляхавіцкі раён

Трагедыя ў Сваятычах ускалыхнула ўвесь раён. У агні загінулі двое дзетак. Што здарылася ў доме, пакуль іх маці была на працы, сёння па крупінках устанаўліваюць спецыялісты. Трагічны збег абставін. Непамерная страта. Незагойная рана для сям’і. І горкі напамін усім нам пра тое, якую дарагую цану часам можа выставіць лёс.

Канешне, не ўсе і не заўсёды, але, на жаль, мы бываем такія.
Ведаем, што нельга, але пакідаем дзяцей адных дома. Таму што ў нас важныя справы, якія нельга адкласці, работа і абавязак забяспечыць сыночкаў і дачушак самым лепшым. І таму што ўсе і заўсёды так робяць…
У спякоту пакідаем акно адкрытым. Таму што душна. Таму што наша дзіця туды не лазіць. І таму што мы адным вокам заўсёды тут…
Саромеемся схапіць за каўнер чужога неслуха, які ступіў на праезную частку на чырвонае святло святлафора. Таму што ў яго ёсць бацькі, якія павінны былі навучыць…
Не знаходзім часу, каб навучыць сына і дачку паводзіць сябе на дарозе, на чыгунцы, каля вады ды і ў іншых жыццёвых сітуацыях. Таму што ў нас ёсць больш важныя справы. І таму што ўсяму гэтаму могуць навучыць школа, тэлебачанне і інтэрнэт…
Не лічым патрэбным зрабіць заўвагу суседу, які ў падпітку бярэцца за «выхаванне» жонкі, а заадно і сына-падлетка.
Таму што чужая сям’я наогул не наша справа – разбяруцца самі…
Мы так робім, таму што не разглядаем іншых варыянтаў. Таму што перакананы: у нас усё правільна і ўсё пад кантролем. І таму што ўпэўнены: з намі і нашымі дзецьмі нічога дрэннага не можа здарыцца. На жаль, і ў гэтых перакананнях мы часам таксама памыляемся. Зразумець гэта надзвычай важна, пакуль яшчэ магчыма нешта змяніць.
Беражыце дзяцей. Сваіх і чужых.