Падмарожаны непарадак. Карэспандэнт раёнкі разам з іншымі службамі пабывалі у рэйдзе. Што ўбачылі?

Здаецца, для некаторых з нас зіма здарылася, як заўсёды, знянацку. Да першай законнай зімовай даты яшчэ каля тыдня часу, а пяціградусны і большы мінус стабільна пратрымаўся ці не цэлую пяцідзёнку.

Але ж гэта не можа служыць у якасці апраўдання. Хутчэй, з’яўляецца канстатацыяй факта: маразы сёлета прыйшлі ў апошнюю дэкаду лістапада і, у тым ліку, «замарозілі» моманты неналежнага парадку і добраўпарадкавання ў дварах шматкватэрнікаў, на зялёных зонах, на ўзбочынах вуліц і іншых лакацыях горада і не толькі. Але ж сёння мы іменна пра Ляхавічы, якія і сталі тэрыторыяй нядаўняга маніторынгу на прадмет познеасенняй упарадкаванасці.


– Другая палова восені выдалася дастаткова цёплай, спрыяла навядзенню парадку па ўсіх пазіцыях. Аб’яўлены райвыканкамам месячнік чысціні завяршыўся ў канцы першай дэкады лістапада. За гэтыя часы было многае і многімі зроблена. Працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў вынікова працавалі на ўласных і замацаваных тэрыторыях горада: прыбіралі апалае лісце, выдалялі сухую расліннасць, высаджвалі дрэвы. І сёння вельмі прыемнае ўражанне пакідае, напрыклад, тэрыторыя цэнтральнай раённай бальніцы. І гэта пры тым, што яна з’яўляецца адной з самых вялікіх сярод прадпрыемстваў і ўстаноў горада. Нельга не адзначыць Ляхавіцкі лясгас, у якім, акрамя «фасаднай» лакацыі, вельмі дагледжаны ўнутраны дворык. Парадак і ўпарадкаванасць можна ўбачыць таксама на тэрыторых фактычна ўсіх устаноў аддзела па адукацыі райвыканкама і шэрага іншых гарадскіх арганізацый. Значная работа ў плане навядзення парадку, добраўпарадкаванасці аб’ектаў і гарадскіх тэрыторый агульнага карыстання праведзена КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Яны ў нас галоўныя па чысціні і добраўпарадкаванні, іх работа ў гэтым накірунку з’яўляецца асновай, – тлумачыць агульны расклад начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
І – накіроўвае маніторынгавую групу, куды таксама ўваходзяць спецыяліст аддзела землеўпарадкавання райвыканкама і карэспандэнт «ЛВ», у «спрэчныя» месцы, дзе, па яе меркаванні, рэальна сустрэцца з недахопамі ў навядзенні парадку, недастатковасцю, несвоечасовасцю, непаўнатой укладзеных у гэту справу намаганняў.


Першае характэрнае, што заўважаем, – праз дарогу ад адміністрацыйнага будынка ЖКГ некалькі работнікаў у «фірменным» адзенні і з граблямі ў руках працягваюць змагацца з апалым лісцем. Далей – дваровая тэрыторыя па вуліцы Будаўнікоў. Бліжэйшымі значацца шматпавярховікі пад нумарамі чатыры і шэсць. Сутнасць у тым, што сёлета некалькі раней тут праводзіліся работы на замене ўчастка цепласетак. Трубы памянялі, а парушанае ў працэсе работ добраўпарадкаванне праведзена не ў поўнай меры, не завершана. Пешаходныя дарожкі і тратуары выкладзены пліткай часткова, напалову ці, магчыма, на чвэрць ад неабходнага. Матэрыял – складзеная на паддонах дарожная плітка – знаходзіцца побач, чакае работнікаў, а тыя, відавочна, чакаюць у лістапада добрага, спрыяльнага для завяршэння падраду надвор’я.


Нязначна воддаль ад недабудаваных тратуараў знаходзіцца, згодна з замацаванай таблічкай-абазначэннем, сквер Юбілейны . У дзень рэйду ён быў адметны тым, што прыкладна на палове яго плошчы апалае лісце было згрэбена і знаходзілася ў кучах, на другой ляжала ў натуральна размеркаваным становішчы.
– Частка сквера з сабраным у кучы лісцем з’яўляецца зонай замацаванай адказнасці райкама БРСМ, астатняе – зямля агульнага карыстання, – гаворыць Марына Завадская.
Гарадская тэрыторыя, якая размяшчаецца сумежна з вуліцай Энергетыкаў з аднаго боку і непадалёку агароджы прадпрыемства «Белпрамтрэйдынг» з іншага, сустрэла высокімі, шэра-рудымі рэшткамі былой «цудоўнай» расліннасці.
– Землі агульнага карыстання. Просім і патрабуем упарадкаваць-уладкаваць гэтыя дзікія соткі. Але ўсё ніяк, – быў на гэта каментарый галоўнага спецыяліста аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Ірыны Партас.


Не так даўно вуліца Вакзальная ў Ляхавічах атрымала новае асфальтавае пакрыццё. Як і Кастрычніцкая (фота 2) на завяршальным яе ўчастку. Асфальт, будзем шчырымі ў сваіх ацэнках, добры-роўны. Відавочна, дарожнікі сваю частку праекта выканалі належным чынам. Аднак, па меркаванні ўдзельнікаў рэйду, работы па ўладкаванні ўзбочын праведзены не поўнасцю ці неналежна. Патрабуецца даўладкаванне, месцамі відавочна неабходнасць прыбірання прыасфальтных палос, рэшткаў, якія засталіся пасля зрэзкі дрэў і кустоўя, іншае.
Таксама спецыялістамі былі адзначаны моманты недадобраўпарадкавання ў гаражным масіве і гаражным кааператыве «Дамкрат». Зрэшты, многае з пазначанага «танна» выпраўляецца. Надвор’я толькі б мінімальна спрыяльнага.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.