Зямельная інвентарызацыя, ці Стоп даўгабудам. Ці эфектыўна ў Ляхавіцкім раёне выкрыстоўваюць участкі, прадастаўленыя пад будаўніцтва

Новаўвядзенні ў зямельным заканадаўстве, якія ўступілі ў дзеянне, у многім спрашчаюць абавязкі ўладальнікаў зямельных участкаў. Але існуюць і правілы, якія ў адносінах да зямлі нязменныя.

На апаратнай нарадзе ў райвыканкаме разглядалася пытанне эфектыўнага выкарыстання на тэрыторыі раёна зямельных участкаў, прадастаўленых грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў. Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алена Міклашэвіч расказала, што з пачатку года ў райвыканкам паступіла пяць заяў аб падаўжэнні тэрмінаў будаўніцтва жылых дамоў. У выніку чатыры з іх задаволены, у адносінах аднаго вынесена рашэнне аб адмове ў ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры з-за несвоечасовага звароту. Таксама чатыры чалавекі звярнуліся з заявамі аб кансервацыі дамоў з незакончаным будаўніцтвам.
Па словах Алены Міклашэвіч, у 2023 годзе для ўзвядзення адна-
кватэрных жылых дамоў грамадзянам прадастаўлены тры зямельныя ўчасткі, летась – чатыры. Па стане на 1 лістапада, на тэрыторыі раёна маецца 36 свабодных зямельных участкаў, якія могуць быць прадастаўлены для ўзвядзення індывідуальных жылых дамоў, 21 з іх – у Ляхавічах. Па словах галоўнага спецыяліста, яны забяспечаны мінімальна неабходным узроўнем інжынерных камунікацый – маюцца сеткі вода- і электразабеспячэння, уладкавана пясчана-гравійная дарога.
Усяго ў райцэнтры восем мікрараёнаў індывідуальнай жылой забудовы, самы заселены з іх – Патапавіцкі са 102 участкамі.
Не заўсёды гаспадары ўчасткаў спяшаюцца ўзвесці дом сваёй мары і прапускаюць вызначаныя заканадаўствам тэрміны. У адносінах да такіх уласнікаў райвыканкам прымае, згодна з заканадаўствам, меры па паскарэнні працэсу будаўніцтва. Калі ж гаспадары не рэагуюць на іх, то могуць пазбавіцца выдзеленай зямлі. Так, з 2015 года аддзел землеўпарадкавання райвыканкама, кіруючыся заканадаўчымі нормамі, забраў 30 зямельных участкаў, з якіх 24 – у горадзе.
З 2015 па 2023 гады для правядзення ацэнкі кошту не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў на тэрыторыі раёна пададзена 42 аб’екты, а ў адносінах да некаторых ацэнка кошту праводзілася паўторна. Уладальнікам такіх участкаў райвыканкам накіроўвае паведамленні з датай і часам правядзення неабходных абмераў. Так, сёлета Баранавіцкі філіял Брэсцкага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры накіраваў пісьмы аб правядзенні ацэнкі ў адносінах да 14 зямельных участкаў.
У раёне маецца выпадак, калі ігнараванне ўсіх папярэджанняў прывяло да адабрання зямельнага ўчастка з бетонным фундаментам і гаспабудовай. Участак быў выстаўлены на аўкцыён.
Выяўленнем і ўлікам пратэрмінаванага будаўніцтва жылых дамоў займаецца аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Падчас маніторынгу кварталаў індывідуальнай забудовы асаблівая ўвага надаецца участкам з высокай ступенню гатоўнасці будоўлі. Тады спецыялісты аддзела вядуць растлумачальную работу з гаспадарамі. Не заўсёды тыя ведаюць, што аднакватэрныя жылыя дамы могуць быць прыняты ў эксплуатацыю без правядзення асобных відаў работ, у тым ліку па ўнутранай і вонкавай аддзелцы, а ў сельскай мясцовасці – без выканання работ па ўладкаванні нежылых капітальных пабудоў, размешчаных на прыдамавой тэрыторыі, і без добраўпарадкавання, калі гэта адпавядае праектнай дакументацыі
і не перашкаджае эксплуатацыі аб’екта ці інжынернай інфраструктуры.
Па стане на сярэдзіну лістапада, у аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама паступіла 220 заяў аб выдачы актаў прыёмкі ў эксплуатацыю ўзведзеных, рэканструяваных аднакватэрных жылых дамоў, у тым ліку 103 звароты аб прыёмцы ў эксплуатацыю дамоў і гаспабудоў у спрошчаным парадку.
Старшыню райсавета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча цікавіў план выканання гадавога задання па ўвядзенні жылля ў эксплуатацыю. Па словах Алены Міклашэвіч, за 10 месяцаў у раёне ўведзена ў эксплуатацыю каля 4 000 квадратных метраў жылля, гэта больш за палову ад плана з улікам індывідуальнай забудовы. Плюс дабавіцца амаль 400 квадратных метраў у лістападзе.
Работа па інвентарызацыі зямельных участкаў працягваецца.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык акцэнтаваў увагу на эфектыўных мерах з задзейнічаннем рычагоў адміністрацыйнага ўздзеяння па ліквідацыі даўгабудаў, якія не дабаўляюць прыгажосці раённаму пейзажу.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.