Асабліва дакладная сяўба. Завяршаецца сяўба ранніх збожжавых і зернебабовых. Ляхавіцкі раён выйшаў на буракі, ужо засеяны першыя дзясяткі гектараў


Механізатар Аляксандр Сарнацкі з ААТ «Жарабковічы».

Працягваецца веснавая сяўба. Дзень за днём, гектар за гектарам – і засеяных палеткаў у раёне становіцца ўсё больш. Па даных райсельгасхарчу на 18 красавіка, работу на ранніх яравых збожжавых і зернебабовых палетках ужо завяршыла ААТ «Жарабковічы».
Згодна з той жа статыстыкай, праз дзень-два будуць гатовы фінішаваць «Белпрампрыбор», «Нача» і, магчыма, некаторыя іншыя сельгасарганізацыі Ляхавіччыны.

Віктар Навумчык, Сяргей Сергіеня, Міхаіл Пятроўскі.

Між тым, з завяршэннем сяўбы ранніх культур яравая кампанія далёка не заканчваецца. Можна гаварыць пра праведзены ў яе рамках важны, але ўсяго толькі стартавы этап работ. Чакае сонца, пацяплення глебы і свайго часу, напрыклад, кукуруза, пасевы якой у раёне павінны скласці не адну сотню гектараў. А вось цукровыя буракі, чаго таксама нямала, пайшлі ўжо ў справу.

Сяргей Юруць.


У гэтым годзе цукровымі буракамі належыць засеяць каля 1,75 тысячы гектараў раённых палеткаў. Буракі з’яўляюцца нятаннай і няпростай у вырошчванні сельгасраслінай. А што тычыцца вядзення пасяўных работ, то, па меркаванні некаторых спецыялістаў-аграрыяў, лічацца ці не самай складанай у гэтым плане культурай. Патрабуюць дакладнага высеву, што азначае такой жа дакладнай сеялкі і не менш дакладнай рукі і работы механізатара-сейбіта. За дакладнасць высеву «адказвае» таксама і ашчаднасць папярэдняй падрыхтоўкі глебы. Працэс складаецца з некалькіх этапаў, уключае звычайна асенні ўздым зябліва, па якім ужо вясною выконваецца аперацыя па закрыцці вільгаці і абавязкова перадпасяўная падрыхтоўка глебы.
Увесь гэты, за выключэннем, канешне ж, ворыва, комплекс работ можна было ўжывую назіраць на адным з палеткаў ААТ «Жарабковічы» яшчэ напрыканцы мінулага тыдня. Свой чарговы «салодкі сезон» традыцыйны і буйнейшы ў раёне вытворца караняплода ўжо адкрыў. Паглядзелі на сеялку дакладнага высеву, дакладную работу механізатара Аляксандра Сарнацкага, паслухалі дакладныя па сутнасці тэмы тлумачэнні спецыялістаў гаспадаркі Міхаіла Пятроўскага і Сяргея Сергіені. Навошта на, умоўна, некалькіх сотках поля такі «нябедны» склад спецыялістаў?
– Каб усё атрымлівалася і выйшла максімальна дакладна, – прагучаў адказ на нашу цікаўнасць. Міхаіл Пятроўскі ў адказе за тэхнічную дакладнасць работ, Сяргей Сергіеня – агратэхналагічную. Аляксандр Сарнацкі адказвае за ўсё і паказвае гэта на практыцы – ён сейбіт.
– Калі надвор’е добрае, без дажджоў або яго ранішніх мокрых наступстваў, да работы прыступаем ледзь ці не з сямі раніцы. І да такога ж, а то і пазнейшага часу ўвечары. За дзень атрымліваецца «выгнаць» у сярэднім 40, а то і больш гектараў, – тлумачыць свой пасяўны расклад Аляксандр.
На полі за некалькі крокаў да сеялкі працуе амаль што рарытэтны, але па-ранейшаму функцыянальны і магутны К-701 у тандэме з камбінаваным шыроказахватным агрэгатам. Задача «кіраўца» і яго кіроўцы Сяргея Юруця – падрыхтаваць шлях для буракасеялкі – выраўняць глебу, зрабіць яе максімальна аднароднай, без грубых кавалкаў.
У іншым выпадку – гэта ужо ніякая не дакладная сяўба.
Жарабковіцкі клін салодкіх буракоў складзе сёлета 900 гектараў. Акрамя таго, цукровую культуру маюць намер вырасціць ААТ «Шлях новы», СУП «Ліпнянка» і асобныя сялянскія (фермерскія) гаспадаркі раёна. На плошчах 300, 140 і 400 гектараў адпаведна.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.