На фінішнай прамой перад суботнікам. Месячнік добраўпарадкавання на Ляхавіччыне прадаўжаецца

Месячнік добраўпарадкавання на Ляхавіччыне прадаўжаецца. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў, што зроблена нямала, і большасць прадпрыемстваў і арганізацый рознай формы ўласнасці адказна паставілася да такой важнай тэмы – стараецца не толькі наводзіць парадак на замацаваных тэрыторыях, але і падтрымліваць яго. Разам з тым, нямала адрасоў, дзе яшчэ неабходна істотна папрацаваць, каб у горадзе і сельскіх населеных пунктах было чыста, утульна і прыгожа. Як спрацавалі землякі на добраўпарадкаванні на мінулым тыдні – тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.

Са справаздачай аб зробленым выступіла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская. Аналіз паказаў выніковасць добрых спраў землякоў.
Расчыстка і выдаленне драўнінна-хмызняковай расліннасці каля ракі Ведзьмы, санітарная абрэзка дрэў, дэмантаж пустуючых дамоў у аграгарадку Малое Гарадзішча, ямачны рамонт гарадскіх вуліц, пасадка дрэў – толькі частка таго, дзе прыклалі свае намаганні работнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Работнікі ДРБУ-200, акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў – падтрымання ў належным стане вуліц і дарог у сельскай мясцовасці, займаліся пасадкай дрэў і кустоўя ў Ляхавічах, добраўпарадкавалі тэрыторыю квартала «Савецкі»
ў райцэнтры.
Многія ўстановы і арганізацыі прыбіралі, чысцілі на замацаваных тэрыторыях.
Марына Завадская нагадала, што кантроль за работамі падчас месячніка будзе прадоўжаны.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў расказаў, што на мінулым тыдні супрацоўнікі райЦГіЭ праманіторылі, як праводзіцца работа над памылкамі на аб’ектах, дзе раней былі выяўлены праблемныя моманты ў плане добраўпарадкавання. Адзначана, што большасць суб’ектаў гаспадарання ўхіліла недахопы, але некаторыя моманты так і засталіся нявырашанымі. Выдадзена сем пісьмаў-хадайніцтваў аб ухіленні парушэнняў і чатыры аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці вінаватых асоб. Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу сельвыканкамаў і камунгаса на неабходнасці навядзення парадку на могілках, асабліва на месцах для складзіравання смецця. Кантроль павінен быць і за станам тэрыторый прыватных прадпрыемстваў.
Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская таксама спынілася на тым, як вядуцца работы па добраўпарадкаванні аб’ектаў, дзе праблемы былі асабліва відавочнымі. Адзначана выніковая  работа ў Востраўскім і Крывошынскім сельсаветах.
Традыцыйна месячнік чысціні і парадку завяршаецца рэспубліканскім суботнікам, які сёлета пройдзе 22 красавіка.
Галіна КАНЬКО.