Клятва на вернасць Радзіме. Маці пабывалі на Ваеннай прысязе ў сыноў. Як гэта было

«Клянуся быць адданым свайму народу, свята выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, выконваць патрабаваннi воiнскiх статутаў i загады камандзіраў і начальнікаў…» –
25 лістапада ў воінскіх часцях і злучэннях Беларусі прайшоў адзін з самых важных рытуалаў – прыняцце Ваеннай прысягі. Сярод тых, хто пакляўся служыць Радзіме і народу, і нашы землякі.

Літаральна тыдзень – і ляхавічанін Яўгеній Дыдышка будзе праходзіць службу ў 8-й радыётэхнічнай брыгадзе ў Баранавічах. А пакуль завяршае курс маладога байца ў 16-м асобным палку радыёэлектроннай барацьбы з самалётнымі сродкамі.
Падтрымаць і павіншаваць Яўгенія з адметнай падзеяй у мінулую суботу адправіліся яго бацькі і сябры.

Як гэта было, з «ЛВ» падзялілася мама Ірына Мікалаеўна:
Падцягнуты, сур’ёзны і нават пасталеўшы – такім я ўбачыла свайго сына. Не прайшоў і месяц, а перад намі ўжо стаяў салдат у ваеннай форме. Канешне, вельмі не хапае сына дома. Але, калі навабранцы вымаўлялі словы прысягі, адчувала вялікі гонар,
што мой Жэня – салдат і  будзе верна служыць Айчыне. З мужам Аляксандрам, які шмат гадоў аддаў службе ў міліцыі, вучылі любіць Радзіму, у любой сітуацыі заставаццца перш за ўсё чалавекам, быць сапраўдным патрыётам. Прысягу мой сын і яго саслужыўцы прымалі ў духоўна-патрыятычным комплексе ў Бярозе. Усё было вельмі ўрачыста, хвалююча і вельмі шчымліва… Калі адпусцілі ў звальненне, Жэня падзяліўся, што ўмовы ў арміі добрыя. Усё па статуце і строга, ва ўсім дысцыпліна і парадак. Падчас сустрэчы неаднойчы адзначаў, як пашанцавала з камандзірамі, з сяржантамі. А тое, што
добра кормяць, зразумела, калі сын з неахвотай браў дамашнія гасцінцы. Казаў, што ежа смачная, ды і порцыі вялікія. Так што за сына мы з бацькам спакойныя. Тым больш, што не забаронены тэлефанаванні дадому – у вызначаны час. Пасля атрымання ў БарДУ кваліфікацыі «географ-эколаг» працаваў у Ліпскай СШ, а зараз ва Узброеных Сілах год будзе несці службу недалёка ад роднага горада. Мы вельмі чакаем сына дома, а разам з намі і яго дзяўчына Лізавета.


Жыхар вёскі Сваятычы Давід Несцяровіч стаў у строй 27 кастрычніка, а 25 лістапада родныя прыехалі да яго на прысягу.
Мама Тэрэза Алегаўна з гонарам адзначае, што яе сын –
пагранічнік:

Давід вырашыў, што будзе служыць у пагранічных войсках, яшчэ калі стаў на ўлік у ваенкамат у 15-гадовым узросце.
Пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў Давід працаваў у  ААТ «Жарабковічы». Падабаліся і калектыў, і работа. Але і ў армію ішоў з жаданнем. Заўсёды лічыла і лічу, што кожны сапраўдны мужчына павінен прайсці гэтае выпрабаванне.
Цырымонія прыняцця Ваеннай прысягі праходзіла ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», і атмасфера месца ўзмацняла эмоцыі і хваляванне. Цяжка было стрымаць слёзы, гледзячы на рабят. Але гэта былі слёзы гонару. Здаецца, сын стаў больш сур’ёзным, адказным. Курс маладога байца не выклікаў цяжкасцей – для вяс-
ковага хлопца фізічныя нагрузкі справа звычайная. Яго з дачкой гадую адна, і для мяне ён першы памочнік і дарадца. Спадзяюся, што 18 месяцаў прабягуць хутка, і наш салдат вернецца дадому, дзе яго з нецярпеннем чакае і жонка Мілана.
Спадабалася, што пасля прысягі з намі, бацькамі і роднымі, сустрэліся камандзіры. Адказалі на ўсе нашы пытанні, расказалі, што і як будзе з навабранцамі пасля заканчэння курса маладога байца. Зараз Давід і яго саслужыўцы чакаюць размеркавання па заставах. Сын адзначае, што служба задавальняе па ўсіх пунктах. Усё сур’ёзна, па статуце. На тэрыторыі вучэбкі ёсць таксафоны, і з дапамогай спецкарткі можна ў адведзены час тэлефанаваць родным. А яшчэ камандзіры стварылі ў вайберы групу, куды ўключылі ўсіх бацькоў. Так мы ведаем пра жыццё сваіх сыноў ды яшчэ і з фотапацвярджэннем. З Давідам у вучэбцы ў асноўным рабяты з Гомельшчыны. Пасябравалі і сталі адзіным калектывам.
Сын любіць жывёл, і яму пашанцавала, у арміі будзе асвойваць спецыяльнасць кінолага, якая і ў цывільным жыцці будзе
не лішняй. Вельмі жадаю сыну і ўсім рабятам, якія зараз у армейскіх радах, паспяховай службы. Хацелася б, каб яны ведалі, што іх заўсёды чакаюць дома і рады кожнай вестцы ад іх.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.