І ў кінатэатр прыйдзе газ. І будзе цёпла…

На гарачую лінію «ЛВ» звярнулася ляхавічанка са скаргай, што ў гарадскім кінатэатры «Кастрычнік» холадна і пахне непрыемна – цвіллю. Таму даводзіцца ездзіць у суседнія Баранавічы, а гэта ўжо іншыя затраты – дарога, білеты, і нават абед. Дык чаму ж нельга ўхіліць гэтыя недахопы?

Сітуацыю пракаменціравала дырэктар кінатэатра «Кастрычнік» Дар’я Марозава:


– Наконт паху – гэта, адназначна, фэйк. Магчыма, раней, калі кінатэатр мала эксплуатаваўся, прысутнічаў сыры пах. Цяпер такога няма. Што датычыць ацяплення, зараз імкнёмся зрабіць максімальна камфортную тэмпературу для гледачоў, пакуль памяшканні кінатэатра ацяпляюцца з дапамогай цвёрдага паліва. Усталяваны кацёл. А ў наступным годзе да нас прыйдзе газавае ацяпленне. Зараз распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на мадэрнізацыю сістэмы ацяплення будынка кінатэатра з прыбудаванай міні-кацельняй на газавым ацяпленні. І, дакладна, усе пытанні наконт ацяп-лення здымуцца.
Канешне, зімой прыхільнікаў кінатэатра крыху менш, аднак наведвальнасць у параўнанні з мінулымі гадамі – большая. Сёлета наш «Кастрычнік» ужо наведалі амаль
1 800 чалавек, гэта без уліку планавых кіналекторыяў.