Голас за адзінства. Пра асаблівасці электаральнай кампаніі-2024 і асэнсаваны выбар на карысць незалежнасці краіны ішла размова падчас дыялогавай пляцоўкі «Зрабі свой выбар!» у Ляхавіцкім аграрным каледжы

Пра асаблівасці электаральнай кампаніі-2024 і асэнсаваны выбар на карысць незалежнасці краіны ішла размова падчас дыялогавай пляцоўкі «Зрабі свой выбар!» у Ляхавіцкім аграрным каледжы. Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак, галоўны ўрач райбальніцы дэпутат райсавета Георгій Хлябовіч сустрэліся з навучэнцамі ўстановы – будучымі выбаршчыкамі.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Кіраўнік дэпутацкага корпуса нагадаў, што 25 лютага 2024 года адбудзецца адзіны дзень галасавання.
– Упершыню ў адзін дзень мы будзем выбіраць дэпутатаў усіх узроўняў – Палаты прадстаўнікоў, абласнога, раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў. У агульнай колькасці ў краіне выберуць больш за 12 600 дэпутатаў, з якіх 110 – у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што ў дэпутацкі корпус павінны прыйсці прафесіяналы сваёй справы з вялікім вопытам і з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Будучая выбарчая кампанія стане экзаменам і для чатырох зарэгістраваных у нашай краіне партый, для грамадскіх аб’яднанняў. Выбарчая кампанія – гэта і своеасаблівы экзамен для мясцовай улады, да якой людзі звяртаюцца са сваімі праблемамі і пытаннямі, – адзначыў Юрый Чаранкевіч.
Калі раней кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы і Палату прадстаўнікоў праходзілі ў розныя гады, то зараз гэта ўсё адбудзецца ў адзін дзень – 25 лютага 2024 года з 8 да 20 гадзін. Аддаць свой голас можна датэрмінова – з аўторка 20 лютага 2024 года і да суботы 24 лютага 2024 года ўключна з 12 да 19 гадзін штодзённа. Для выбараў у Ляхавіцкі раённы Савет дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання ўтворана 27 выбарчых акруг, у сельскія Саветы – 52.
Старшыня райсавета дэпутатаў нагадаў, што ў розных рэгіёнах краіны выбаршчыкі атрымаюць розную колькасць бюлетэняў –
у горадзе, напрыклад, тры, у сельскай мясцовасці – чатыры.
Абавязак кожнага – прыйсці на выбарчы ўчастак і зрабіць свой выбар, рэзюмаваў кіраўнік дэпутацкага корпуса.
Намеснік дырэктара каледжа Наталля Кірмель падкрэсліла,
што ў будынку каледжа падчас выбарчай кампаніі размесціцца Чкалаўскі выбарчы участак, і навучэнцы па традыцыі прымаюць актыўны ўдзел у галасаванні.
Так, сёлета ў адзіным дні галасавання ўпершыню прымуць удзел больш за 80 навучэнцаў установы, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту.
Куратара 41-й групы агранамічнага аддзялення Ларысу Мацейчык цікавілі магчымасці галасавання навучэнцаў, якія з паловы лютага будуць знаходзіцца на пераддыпломнай практыцы ў сельгас-
прадпрыемствах краіны. Юрый Чаранкевіч патлумачыў, што гэтым навучэнцам неабходна загадзя звярнуцца на ўчастак для галасавання па месцы праходжання практыкі для ўнясення ў спісы для галасавання.
Дэпутат раённага Савета дэпутатаў галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч расказаў навучэнцам пра сваю дэпутацкую і прафесійную дзейнасць. Гаварыў, у тым ліку, пра развіццё сістэмы аховы
здароўя: кадравае забеспячэнне ЦРБ, мадэрнізацыю райбальніцы, ФАПаў і сельскіх амбулаторый урача агульнай практыкі, набыццё медыцынскага абсталявання. З апошніх значных падзей – запуск у дзеянне апарата камп’ютарнай тамаграфіі, які абслугоўвае жыхароў Ляхавіцкага, Баранавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў.
Георгій Хлябовіч заклікаў навучэнцаў – будучых аграрыяў рабіць выбар асэнсавана і ўдумліва. Наша агульная мэта – мірная, незалежная і квітнеючая Беларусь, падкрэсліў галоўны ўрач.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Карэспандэнт «ЛВ» пацікавіўся ў навучэнцаў каледжа, што яны ведаюць пра адзіны дзень галасавання.

Павел МАЦЮШЭНКА, трэцякурснік, член Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым  Савеце дэпутатаў:
– 25 лютага ўпершыню прымаю ўдзел у выбарах у якасці выбаршчыка. І прыемна, што новы вопыт супадае з удзелам у адзіным дні галасавання. Для мяне гэта вельмі адказна і хвалююча. 25 лютага адбудзецца гістарычная падзея ў жыцці дзяржавы, а значыць і ў маім жыцці.

Дар’я ЧАБАТАР, другакурсніца:
– Да 25 лютага 2024 года мне яшчэ не споўніцца 18 гадоў, таму ўпершыню буду прымаць удзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо ў 2025 годзе. Лічу, што ўдзельнічаць у выбарах – праяўленне грамадзянскай актыўнасці.


Павел БУБЕН, чацвёртакурснік:
– 25 лютага – важны для нашай краіны дзень. Буду галасаваць за людзей, якія будуць умацоўваць суверэнітэт Беларусі. Не па словах
ведаю, якія ў нашай краіне створаны  ўмовы для адукацыі і развіцця моладзі, якая падтрымка аказваецца сельскай гаспадарцы,
дзе я буду працаваць пасля заканчэння каледжа.

Раман АХМАНЮК, чацвёртакурснік:
– Мне 19 гадоў, і ў лютым 2024 года я прыйду на свой участак для галасавання, каб зрабіць выбар. Прыемна, што выконваць свой канстытуцыйны абавязак буду ў гістарычны для краіны дзень.
Мы самі вызначаем свой лёс і будучыню нашай
Радзімы.