Сустрэча павінна быць шчодрай. Як у ляхавіцкіх магазінах з навагоднім асартыментам?

Пераднавагоднія клопаты ў самым разгары. У дамах, кватэрах, дварах, адміністрацыйных будынках і ўстановах усё ў бліскучым святочным аздабленні. Ёлкі, мішура, рознакаляровыя агеньчыкі, цацкі – традыцыйная атрыбутыка другой паловы снежня. А гаспадыні раз за разам пераглядваюць меню на навагодні стол і, канешне, ва ўсю займаюцца закупкай неабходных прадуктаў для прыгатавання святочных страў.

Амаль кожны будзе імкнуцца, каб на навагоднім стале быў багаты гастранамічны асартымент.
Толькі ва ўспамінах засталіся бясконцыя забегі напрыканцы мінулага стагоддзя па магазінах і іншы раз шматгадзінныя чэргі, каб купіць доўгачаканыя слоічкі і баначкі кансерваваных зялёнага гарошку, кукурузы, маянэзу, іншых інгрэдыентаў, а таксама мандарынаў, тартоў, шампанскага і г. д. Цяпер усяго досыць і па колькасці, і па якасці, і па кошце, і па разнастайнасці вытворцаў. Многія гандлёвыя кропкі і інтэрнэт-магазіны право-дзяць распродаж навагодняга асартыменту, прадугледжана разнастайная сістэма скідак.
За тым, каб на паліцах магазінаў – вялікіх і не вельмі – прысутнічаў шырокі асартымент тавараў, а гандаль у перадсвяточныя і святочныя дні быў бесперабойным, сочыць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.


У Ляхавіцкім раёне сітуацыю з напаўненнем магазінаў кантралююць супрацоўнікі аддзела эканомікі райвыканкама.
– Напярэдадні навагодніх і калядных святаў узмоцнены кантроль па забеспячэнні рознічнага гандлю асноўнымі групамі харчовых і нехарчовых тавараў навагодняга асартыменту. Таксама кантралююцца цэны на тавары павышанага спажывецкага попыту. Падчас маніторынгаў робім акцэнт на наяўнасці ў магазінах усіх формаў уласнасці кандытарскіх вырабаў, мяснога асартыменту, рыбы і іншых морапрадуктаў, свежай садавіны і цытрусавых. Кантрольныя мерапрыемствы паказваюць, што асартымент самы разнастайны ў магазінах рознай формы ўласнасці ў горадзе і сельскай мясцовасці. Акрамя таго, усе гандлёвыя аб’екты і аб’екты грамадскага харчавання зрабілі неабходны складскі запас названых тавараў, тэматычна аформлены вітрыны, залы, распрацавана святочнае меню. Прымаюцца заказы на сустрэчу Новага года ў кафэ і рэстаране
«Ластаўка», арганіза-ваны прыём заказаў на абслугоўванне навагодніх і калядных мерапрыемстваў. Філіял «Кааппрам» Ляха-віцкага райпо наладзіў выпуск шырокага асартыменту пячэння і пернікаў навагодняй тэматыкі, ПУГП «Гандлёвы дом «Уладзімір» прапануе тарты і пірожныя ў святочным афармленні, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Дзіяна Раманава.
І на самай справе, калі ацаніць пераднавагодні гандаль з пакупніцкага боку – выбар у магазінах Ляхавіччыны ёсць. Што тычыцца свежай мясной прадукцыі, то ў райцэнтры яе прапануюць магазіны «Усходні», «Разумны выбар», «Еўраопт», «Санта», прыватныя крамы, не забываем пра павільёны райпо, а таксама пра рынак.
Акрамя падрыхтоўкі да святочнага стала, яшчэ адзін нязменны атрыбут пераднавагодніх клопатаў – галоўнае дрэва – ёлка ці сасна. Адны выбіраюць штучныя дрэвы, іншыя не ўяўляюць свята без сапраўднай, з непаўторным водарам лясной прыгажуні. З 21 снежня ў Ляхавічах працуе ёлачны кірмаш. Рэалізацыяй «жывога» тавару займаецца лясгас. Намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка расказала, што набыць лясную прыгажуню ці галінкі дрэў можна не толькі на перадрыначнай плошчы, але і непасрэдна ў лясгасе на вуліцы Арлоўскага, а таксама ў лясніцтвах.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.