Хуліганіць не трэба! У Ляхавіцкім раёне сёлета агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў зніжана

У цэлым па Ляхавіцкім раёне сёлета агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў у параўнанні з мінулагоднім сур’ёзна зніжана – на 28 працэнтаў (з 241 да 172), а па накірунку дзейнасці крымінальнага вышуку – на 38 працэнтаў (са 160 да 99). Зменшылася і колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах (з 29 да 27). Разам з тым з 25 да 27 узрасла колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах па лініі крымінальнага вышуку. Асноўная прычына – рэзкі рост крымінальна-каральных хуліганстваў з чатырох у 2022 годзе да дзевяці сёлета.
Аналізуючы злачынствы, зарэгістраваныя ў грамадскіх месцах, можна адзначыць, што ў чатырох выпадках падобныя злачынствы сталі вынікам дэманстрацыі фізічнай перавагі і праяўлення п’янай зухаватасці,
у шасці выпадках грамадзяне з хуліганскіх намераў, пры яўнай непавазе асноў грамадства пашкоджвалі ці знішчалі чужую маёмасць.
РАУС нагадвае, што дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства, Крымінальным кодэксам кваліфікуюцца як крымінальна каральнае дзеянне (хуліганства). Максімальнае пакаранне, прадугледжанае санкцыямі ч. 1 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь, – пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Учыненне злачынства, што трапляе пад класіфікацыю другой часткі гэтага ж артыкула (учыненае паўторна ці групай асоб), цягне адказнасць у выглядзе арышту ці абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў. Учыненне злачынства, прадугледжанага часткай 3 гэтага ж артыкула (хуліганства, спалучанае з прымяненнем зброі), цягне адказнасць у выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін да дзесяці гадоў.

Каб не стаць ахвярай злачынца, патрэбна прытрымлівацца шэрага правілаў. Маршруты прагулак будаваць такім чынам, каб яны праходзілі па месцах, дзе заўсёды досыць людна, ёсць відэаназіранне. Пазбягаць кантактаў з незнаёмымі асобамі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Калі незнаёмыя людзі пачынаюць да вас чапляцца, заставайцеся спакойным, не правакуйце, не ўжывайце выразаў, якія могуць быць успрыняты як абраза. Адпачываючы ў грамадскіх месцах, выбірайце пляцоўкі (лаўкі) на адкрытай прасторы, у цёмны час сутак – максімальнае асветленыя. Устрымайцеся ад сумеснага распіцця спіртнога з незнаёмымі.


Віталій ЧАБАТАРЭНКА,  першы намеснік начальніка РАУС.