У банкаўскай справе дробязей не бывае. Віншаванні з прафесійным святам прымае калектыў ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк»

Аднымі з першых у Беларусі адлік прафесійных святаў пачынаюць банкаўскія і фінансавыя работнікі, якія адзначаюць свой дзень у першую нядзелю студзеня. Віншаванні прымае і калектыў ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк».

– Сёння ў нашым цэнтры банкаўскіх паслуг працуюць у розных падраздзяленнях і на розных участках 24 супрацоўнікі. Калектыў зладжаны і дружны. Падтрымка, дапамога, узаемазамяняльнасць, ініцыятыўнасць, ветлівасць – гэта пра маіх калег.
У банкаўскай справе дробязей не бывае, у рабоце важна ўсё. Неабходна пастаянна ўдасканальвацца, вучыцца. Памятаю, як няпроста было, калі поўнасцю камп’ютарызаваліся, калі давялося вучыць кліентаў праводзіць аплату самастойна – у інфакіёску,
з выкарыстаннем інтэрнэт-банкінгу, мабільнага банкінгу. Іншым і сёння патрэбна дапамога. Самае галоўнае – уважлівасць да кожнага, хто карыстаецца паслугамі банка, – адзначае дырэктар ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк» Рыта Пракуда (на здымку другая злева).
Яе працоўная біяграфія звязана з ЦБП № 117 вось ужо на працягу амаль чвэрці стагоддзя. І за 25 гадоў яна прайшла шлях ад касіра-кантралёра да кіраўніка.
Больш за 20 гадоў у банкаўскай справе галоўны спецыяліст сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБП № 117 Іна Крук. За высокія дасягненні ў працы і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна па выніках работы за 2022 год ёй было прысвоена ганаровае званне «Чалавек года» ў намінацыі «фінансы і банкаўская дзейнасць». Увогуле, як адзначае Іна Крук (на здымку другая справа), ёй працуецца камфортна. Са шматлікімі кліентамі навучылася знаходзіць агульную мову і адзначае, што ў такой справе патрэбныя і важныя цярпенне і разуменне. Лічыць, што ёй пашанцавала і з калегамі, некаторыя, як і яна, працуюць не адзін дзясятак гадоў, прыходзіць і перспектыўная моладзь, якая спачатку вучыцца ў больш вопытных работнікаў, а потым і сама нешта падказвае ім.
Беларусбанк прапаноўвае сваім кліентам шырокі пералік паслуг і прадуктаў. У цэнтры банкаўскіх паслуг № 117, які аб’ядноўвае адно гарадское аддзяленне і сем у сельскай мясцовасці, самы запатрабаваны прадукт – пластыкавыя плацежныя карты. Толькі за мінулы год іх выдадзена 18 808. Папулярныя ў жыхароў раёна і спажывецкія крэдыты для фізічных асоб: у 2023 годзе такіх выдадзена на 520 091 тысячу рублёў.
Беларусбанк нязменна радуе і навінкамі. Рыта Пракуда расказвае, што асабліва даспадобы прыйшлася адна з нядаўніх – карта навучэнца, якую дарослыя адкрываюць на імя школьніка. Такая карта, акрамя звычайных разліковых функцый, выконвае і ролю праязнога білета і іншыя. За лістапад – снежань 2023 года ў ЦБП № 117 аформлена 161 такая пластыкавая картка. З канца снежня мінулага года і ў Ляхавічах сталі даступныя валютна-абменныя і аперацыі па ўкладах у кітайскіх юанях. Што тычыцца юрыдычных асоб, то, па-ранейшаму, найбольшы попыт прыпадае на крэдытаванне.
– Шаноўныя калегі, кліенты нашага банка, дарагія землякі! Прыміце шчырыя словы падзякі за ўдзел у рабоце банка. Няхай новы 2024 год прынясе стабільнасць і фінансавы дабрабыт. Усім зычу моцнага здароўя, шчасця, міру, дабрыні і ўпэўненасці ў заўтраш-
нім дні, – пажаданні ад дырэктара ЦБП № 117 Рыты Пракуда.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.