На парадку дня – выбарчая тэматыка

Усё бліжэй адзіны дзень галасавання. 25 лютага беларусы будуць выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Пакуль ідзе самы, што называецца, «ціхі» этап электаральнай кампаніі – вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.
Вылучаць сваіх кандыдатаў могуць палітычныя партыі, працоўныя калектывы, грамадзяне шляхам збору подпісаў. На Ляхавіччыне па стане на 10 студзеня 53 грамадзяніны падалі дакументы на вылучэнне ў кандыдаты ў дэпутаты.
Сярод іх 25 грамадзян – шляхам збору подпісаў; 16 – ад палітычных партый (13 – ад Беларускай партыі «Белая Русь», два – ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, адзін – ад Камуністычнай партыі Беларусі); 12 грамадзян ад працоўных калектываў. Актуальную інфармацыю пра асоб, якія падалі дакументы для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў,
а таксама сельскіх Саветаў дэпутатаў, можна знайсці на сайце Ляхавіцкага райвыканкама ва ўкладцы «Адзіны дзень галасавання».
Увогуле на Ляхавіччыне будуць выбіраць 27 дэпутатаў раённага Савета. Цікавая статыстыка: сярод патэнцыяльных кандыдатаў трое ва ўзросце да 31 года. Пакуль пераважаюць жанчыны – 30 прадстаўніц прыгожай паловы. Сямёра дзеючых дэпутатаў вылучыліся на яшчэ адзін тэрмін. Вылучэнне кандыдатаў працягнецца да 15 студзеня ўключна. Пасля пачнецца праверка выбарчай камісіяй дакументаў прэтэндэнтаў на адпаведнасць парадку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты патрабаванням выбарчага заканадаўства. З 31 студзеня па 24 лютага будзе самы насычаны перыяд – перадвыбарная агітацыя.
На тэрыторыі раёна ўтворана 27 участкаў для галасавання. Зараз ідзе працэс вылучэння членаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Варта адзначыць, што ў раённай выбарчай камісіі зарэгістраваны і наглядальнікі за ходам выбарчай кампаніі – шэсць грамадзян.

Наталля ІСАХАНАВА, старшыня Ляхавіцкай раённай выбарчай камісіі.