Хлеба многа не бывае. Званок на гарачую лінію «ЛВ» з аграгарадка Дарава тычыўся гандлёвага абслугоўвання

Использована иллюстрация с сайта https://bogatyr.club

Патэлефанавала аграгараджанка, якой хлеб, набыты ў магазіне «Родны кут» у мінулы панядзелак, падаўся нясмачным – салёным… «І наогул, навошта нам прывозяць хлеб і па 1,3 рубля і па 1,56 рубля за буханку. Дастаткова было б таннейшага…», – абуралася жанчына. За каментарыямі па якасці хлеба «ЛВ» звярнуўся ў філіял «Кааппрам» Ляхавіцкага райпо.
– Рэцэптура выпякання хлеба, у даным выпадку гэта «фармавы нарэзаны», не мяняецца ўжо доўгі час. Пастаянна трымаем на кантролі якасць выпускаемай прадукцыі, якая пастаўляецца ў гандлёвыя кропкі Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў. Прааналізуем, што не так з партыяй хлеба, які быў выпушчаны ў начную змену з 7 на 8 студзеня і, канешне, ўзмоцнім кантроль, – адзначыла начальнік вытворчасці філіяла «Кааппрам» райпо Наталля Валчок.
Што тычыцца асартыментнага пераліку – то тут адказ «ЛВ» атрымаў у аддзеле эканомікі райвыканкама.
– Колькасць відаў хлеба, што прадаецца ў гандлёвай кропцы, зацверджана пералікам тавараў, абавязковых для рэалізацыі ў гандлёвых аб’ектах, і залежыць ад плошчы магазіна, яго месцазнаходжання. Што тычыцца магазіна «Родны кут» у Дараве, то там павінна прадавацца не менш за адзін від хлеба з жытнёвай ці жытнёва-пшанічнай мукі. Больш – лепш. Бо гэта дае пакупніку магчымасць выбару.
Райпо пастаянна пашырае лінейку хлебабулачных вырабаў, каб задаволіць пакупніцкі попыт і пакупнік меў шырокі выбар прадуктаў, – патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Дзіяна Раманава.

Галіна КАНЬКО.