Карткі Беларусбанка тут абслугоўваюцца! У ляхавічанкі ўзнікла праблема

– А вы ведаеце, што цяпер зняць грошы па картцы Беларусбанка ў банкамаце Белаграпрамбанка нельга? – абуралася жыхарка райцэнтра, якая звярнулася на гарачую лінію раёнкі. Маўляў, пасля таго, як уставіла картку, на табло высвецілася інфармацыя «Ваша картка не абслугоўваецца».
Сітуацыю пракаментавала начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг № 135 у г. Ляхавічы ААТ «Белаграпрамбанк» Жанна Занько, да якой «ЛВ» звярнуўся з агучанай праблемай.
– У банкамаце ў будынку ЦБП № 135 па вуліцы 17 Верасня абслугоўваюцца карткі ў тым ліку і Беларусбанка. Прычым зняць наяўныя грошы можна без камісій. А вось за прагляд астатку па рахунку камісія здымаецца. Адносна канкрэтнага выпадку параю ляхавічанцы, у першую чаргу, праверыць, ці правільна яна падала
картку ў банкамат. Калі правільна, і сітуацыя паўтарылася, трэба звярнуцца ў аддзяленне Беларусбанка, дзе ёй выдадзена банкаўская картка. Магчымы розныя праблемы, звязаныя непасрэдна з канкрэтнай карткай.