Калі лес — працоўнае месца. Лепшы на Брэстчыне машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны працуе ў Ляхавіцкім лясгасе

Пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства сярод
лясгасаў Брэстчыны ў сваёй намінацыі прызнаны машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны –харвестара «Амкадор» –
Ляхавіцкага лясгаса Ілья Засухін.
Чацвёрты год ён кіруе манеўранай шматаперацыйнай тэхнікай і з работай спраўляецца якасна і добрасумленна.



Лепшы на Брэстчыне машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны – харвестара – працуе ў Ляхавіцкім лясгасе. І гэта Ілья Засухін, які па выніках 2023 года прызнаны пераможцам абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства ў групе В. Важкасці статусу надае факт, што ацэньваліся паказчыкі работы працаўнікоў 15 лясгасаў Брэстчыны. Увага надавалася і выпрацоўцы кубаметраў на адну машына-змену, расходу паліва, каэфіцыенту тэхнічнай гатоўнасці, выкананню тэхналагічнай дысцыпліны і іншаму.
Дырэктар Ляхавіцкага лясгаса Дзяніс Герасіменка заслужаную ўзнагароду – дыплом Брэсцкага ДВЛГА – уручыў перадавому работніку непасрэдна на працоўным месцы, на лесасецы.
У Ляхавіцкім лясгасе Ілья больш за пяць гадоў працуе на шматаперацыйнай тэхніцы. Пачынаў машыністам форвардара, а тры гады назад перасеў на харвестар «Амкадор-2541». З тэхнікай ён на «ты» – ведае яе і любіць. У яго працоўнай біяграфіі быў і экскаватар, і пагрузчык. І кожную машыну адчувае як сябе, кіруе ўпэўнена і спакойна. А любую паломку можа ўхіліць аператыўна. Прычым цяжкасці не выклікае рамонт рухавіка ці якой іншай часткі «амкадора», які па лясных стандартах лічыцца ўжо «ветэранам».
– Ілья Канстанцінавіч – работнік адказны, старанны, працавіты і стрэсаўстойлівы. Не кожнаму можна даверыць лесанарыхтоўчую тэхніку, якая спілоўвае дрэвы, вышэйшыя за дзевяціпавярховік. Участкам работы Засухіна заўсёды выстаўляецца высокая адзнака якасці. На «амкадоры» працуе эфектыўна, замяняючы чатыры-пяць прафесійных вальшчыкаў лесу, якія нарыхтоўваюць драўніну ўручную, – дае характарыстыку свайму падначаленаму дырэктар Ляхавіцкага лясгаса Дзяніс Герасіменка.
Задача машыніста харвестара – выканаць на лесасецы шэраг аперацый: валку, абрэзку сукоў, распілоўку. Прычым у любое надвор’е і ў лясных масівах па ўсім раёне. У якасці арыенціра і пуцёўкі – тэхналагічная карта і лесарубны білет. Вытворчыя аперацыі і перамяшчэнні ажыццяўляюцца з выкананнем тэхнікі бяспекі і абавязкова з мінімальнай шкодай навакольнай экасістэме. Штодня Ілья нарыхтоўвае да 100 кубаметраў драўніны. Тлумачыць, што ўсё залежыць ад дзялянкі.
– Бываюць сосны вышынёй да 25 метраў і вагой да тоны. Каб спілаванае дрэва лягло па ўсіх правілах, у разлік бярэцца шмат фактараў, сярод якіх і напрамак ветру. Паваленае пад корань
дрэва распілоўваю на часткі. Адна з якіх можа быць і метраў шэсць, – дзеліцца Ілья Засухін і дадае, што работа ў яго хоць і няпростая, але любімая.
Жартуе, што працуе на чыстым гаючым паветры ў суправаджэнні птушынага хору. А яшчэ задавальненне адчувае ад запатрабаванасці вынікаў сваёй працы – нарыхтаваная дзелавая драўніна адпраўляецца да спажыўцоў для выкарыстання яе па прызначэнні.
Харвестар і форвардар – машыны-браты. Толькі лясныя. Як толькі драўніна гатовая, за яе вываз бярэцца машыніст форвардара
Сяргей Пільнік, з якім Засухін працуе ў тандэме. І такая працоўная зладжанасць таксама ўплывае на агульны вынік работы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА и з архіва Ляхавіцкага лясгаса