На пытанні жыхароў Ляхавіцкага раёна адказаў начальнік раённага вузла электрычнай сувязі

Даўно ўжо электрасувязь не асацыіруецца выключна з паслугамі стацыянарнай тэлефоннай сеткі, тэлеграфам і правадным радыёвяшчаннем. Сёння ў яго арсенале — надзвычай запатрабаваныя высокаскорасны інтэрнэт byfly, інтэрактыўнае тэлебачанне Zala і яшчэ шмат цікавых паслуг-прапаноў.
У час чарговай «прамой лініі «ЛВ» на шматлікія пытанні жыхароў раёна адказваў начальнік раённага вузла электрычнай сувязі Анатолій Лукашэвіч.

— Добры дзень, Анатолій Тадэвушавіч, калі нарэшце да Каранеўшчыны дойдзе такая сучасная паслуга, як інтэрнэт?
Галіна Плескацэвіч,
в. Каранеўшчына.

— Галіна Віктараўна, праект на будаўніцтва валаконна-аптычнай лініі сувязі да вузла перадачы даных поўнасцю гатовы, аднак, яго рэалізацыя пачнецца не раней 2014 года.
— Жыхары аграгарадка Конькі ніяк не могуць дачакацца, калі з’явіцца магчымасць карыстацца хуткаскорасным інтэрнэтам і інтэрактыўным тэлебачаннем? Цікавіць і пытанне, калі да некаторых абанентаў нарэшце правядуць стацыянарны тэлефон?
Таццяна Мішкевіч, Юрый Малевіч,
аграгарадок Конькі.

— Пераключэнне абанентаў АТС Конькі за-планавана на 2014 год, аднак, некаторыя віды работ ужо выконваюцца. На першым этапе будуць пераключаны індывідуальныя абаненты стацыянарнай сеткі, потым — пракладзены лініі для абанентаў, падключаных па спаранай схеме і з выкарыстаннем радыёдоступу. Што датычыцца новых паслуг, то, напрыклад, byfly для абанентаў, якія жывуць у Коньках, даступны. У бліжэйшыя месяцы можна будзе падключыцца і да Zala. Заяўкі на падключэнне прымаюцца ў сэрвісным цэнтры РВЭС.
— Хачу пацікавіцца, калі будзе завершаны рамонт у будынку раённага вузла электрасувязі?
Ірына Несцяровіч, г. Ляхавічы.

— Нагадаю, што рэканструкцыя будынка сэрвіснага цэнтра пачалася сёлета з 1 кастрычніка. Згодна плана, сучасны сэрвісны цэнтр, у якім наведвальнікам будзе ўтульна і камфортна, пачне функцыянаваць у абноўленым фармаце ў маі 2013 года.
— Анатолій Тадэвушавіч, калі ў Сваятычы прыйдзе высокаскорасны інтэрнэт byfly і інтэрактыўнае тэлебачанне Zala?
Алена Масцілоўская, в. Сваятычы.

— На жаль, пакуль няма чым парадаваць вас. Магчымасці вузла перадачы даных у вёсцы Сваятычы абмежаваны малой партовай ёмістасцю. Аказанне ўсяго спектра паслуг сеткі перадачы даных (уключаючы byfly і Zala) стане магчымым толькі пасля пракладкі валаконна-аптычнага кабелю на ўчастку Ляхавічы — Сваятычы. Аднак, у бліжэйшай перспектыве гэта не плануецца з-за высокага кошту работ.
Дапамажыце, калі ласка, разабрацца з налічэннем платы за стацыянарны тэлефон.
Галіна Карповіч, в. Куршынавічы.
— Галіна Мікалаеўна, дакладную дэталізацыю тэлефонных размоў, якія вяліся з устаноўленага па вашым адрасе тэлефона, можна атрымаць у разліковай групе РВЭС.
— Мяне цікавіць, чаму абаненты аплачваюць паслугі тэлефоннай сувязі за бягучы месяц, а не за папярэдні. І чаму нельга адначасова ў плацёжку ўключаць аплату за інтэрактыўнае тэлебачанне?
Сяргей Пранчак, г. Ляхавічы.

— Штомесяц абанентам выстаўляецца рахунак за тэлефонныя размовы за папярэдні месяц і абаненцкая плата за бягучы. Пры разліках за інтэрактыўнае тэлебачанне прадугледжана авансавая сістэма плацяжоў: калі прысутнічае станоўчы баланс, то абанент без праблем карыстаецца паслугай, пры адсутнасці грашовых сродкаў на рахунку — паслуга недаступная. Такія ўмовы аплаты прадугледжаны заключаным з абанентам дагаворам.
— У суседскім доме ніхто не жыве: гаспадыня даўно памерла, а гаспадар жыве ў дзяцей у іншым населеным пункце. Аднак, на іх адрас прыйшло паведамленне аб замене нумара стацыянарнага тэлефона і пастаянна прыходзяць квітанцыі на аплату паслуг тэлефоннай сувязі. Растлумачце, калі ласка, сітуацыю?
Соф’я Кулак, в. Куршынавічы.

— Нягледзячы на той факт, што ваш сусед пражывае ў дзяцей, ён зарэгістраваны ў Куршынавічах і на яго прозвішча аформлены тэлефон, які, дарэчы, кожны месяц своечасова аплачваецца. Няма ніякіх падстаў разарваць дагавор.
Пытанне ад «ЛВ»:
— Анатолій Тадэвушавіч, раскажыце, калі ласка, пра новыя віды паслуг электрасувязі і вызначыце, якія з іх найбольш запатрабаваныя?
— Не толькі жыццё не стаіць на месцы. Электрасувязь таксама прапануе ўсё новыя паслугі, і большасць з іх становіцца запатрабаванымі ў насельніцтва. Адразу хачу расказаць пра «Музычны марафон». Гэта паслуга прадугледжвае замену стандартнага выкліку для вашага тэлефона мелодыямі ці любімымі крылатымі фразамі, якія патэлефанаваўшы абанент будзе чуць, пакуль вы не здымеце трубку. Выбраць мелодыю можна са спецыяльнага электроннага каталога. Абаненцкая плата складае ўсяго 1500 рублёў у месяц. Аднак скарыстацца такой паслугай могуць абаненты, нумары тэлефонаў якіх пачынаюцца на 6 (у Ляхавіцкім раёне — такіх больш 700).
Ёсць прапановы і для тых, хто ўмее лічыць уласныя грошы. Маю на ўвазе пакеты паслуг электрасувязі: «эканом», «опцімум», «універсал». Напрыклад, пакет «опцімум» выдатна падыдзе для тых абанентаў, якія карыстаюцца паслугай Zala і маюць тарыф «дамасед» высокаскораснага інтэрнэта byfly. Аб’яднаўшы гэтыя паслугі, вы заплаціце 85 тысяч рублёў, замест 100 тысяч, калі аплачваць іх паасобна. Дарэчы, больш 700 нашых землякоў-абанентаў карыстаюцца менавіта пакетам «опцімум». А вось тым, хто любіць доўга размаўляць па стацыянарным тэлефоне, варта паспрабаваць такі прадукт, як «эканом» (прадугледжвае кругласутачны доступ да інтэрнэта і 1000 бесплатных мінут для мясцовых тэлефонных размоў — усяго за 63 тысячы рублёў у месяц). Хачу спыніцца і на новай прапанове «Відэапартал», якая дае магчымасць на экране камп’ютара глядзець любімыя тэлевізійныя каналы, а таксама выбіраць з разнастайных каталогаў фільмы ці любімыя тэлеперадачы і глядзець іх у зручны час.
Ёсць і шэраг іншых новых паслуг, пра якія можна даведацца непасрэдна ў РВЭС.
На «прамой лініі» працавала
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *