Коммунальная служба Ляховичского района готова к снегопадам

Сёлета зіма вырашыла прыйсці значна раней тэрміну. Што заставалася людзям? Хутчэй даставаць з шафы цёплае адзенне і абутак, пераабуваць у зімнія шыны свае аўтамабілі, быць больш асцярожнымі і абачлівымі на слізкіх дарогах.
Па словах дырэктара КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандра Мядзвецкага, камунальная служба гатова да снегападаў. У мінулыя выхадныя былі задзейнічаны толькі 2 адзінкі спецыяльнай тэхнікі, у астатняй ніякай патрэбы не было. Рабочыя брыгады добраўпарадкавання ачышчалі ад снегу пешаходныя пераходы, тратуары, аўтобусныя прыпынкі. Усе кацельні раёна працавалі ў штатным рэжыме, падтрымліваўся нармальны тэмпературны фон у памяшканнях.
Не вельмі прыемны падарунак нябесная канцылярыя зрабіла работнікам ДРБУ-200 да прафесійнага свята — не пашкадавала ападкаў у выглядзе снегу і прыбавіла работ у выхадныя дні.
— У асноўным мы займаліся падсыпкай дарог супрацьгалалёднай сумессю. Ніякага аўралу не было, — расказвае галоўны інжынер ДРБУ-200 Андрэй Ляшчэня.
Дабавіў работы першы снег і работнікам раёна электрычных сетак. Як паведаміў начальнік РАНС Валерый Равінскі, 28 кастрычніка з-за наліпання мокрага снегу і абледзянення электраабсталявання былі пашкоджаны лініі электраперадач і ізалятары трансфарматарных падстанцый. Таму на нейкі час без святла засталіся жылыя дамы і аб’екты сацыяльна-бытавога і вытворчага прызначэння вёсак Зарытава, Жарабковічы, Кавалі, Навасёлкі, Вялікая Лотва, Ціткаўшчына, Станчакі, Галаўнінцы, Падлессе, Грушаўка, Рамашкі, Сялявічы. За некалькі гадзін 4 аварыйныя брыгады раёна электрасетак пашкоджанні ліквідавалі.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *