Гонар завода, прыклад прафесіяналізму. Амаль паўстагоддзя працуе на ТБЗ «Ляхавіцкі» Віктар Суржыцкі
Прозвішчы рупліўцаў ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» па праве гучаць на самых высокіх узроўнях, людзі атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Неаднойчы ўшаноўваўся і электраслесар па рамонце абсталявання брыкетнага цэха Віктар Суржыцкі, які на Тухавіцкім заводзе плённа адпрацаваў 47 гадоў.

Працоўную біяграфію на Ляхавіччыне, а канкрэтней на торфабрыкетным прадпрыемстве, Віктар Суржыцкі пачынаў у 1976 годзе слесарам-электрыкам. Мэтанакіраванасць, дакладнасць, уменне хутка знайсці прычыну непаладкі і выправіць яе паспрыялі таму, што праз чатыры гады маладому чалавеку даверылі больш адказную пасаду майстра, якую займаў 40 гадоў.
– Заўжды з цеплынёй буду ўспамінаць увесь час работы на заводзе. Але асабліва незабыўныя першыя гады, калі трэба было хутка навучыцца, разабрацца ва ўсім.
Калі б не падтрымка тых, хто быў побач, вучыў, растлумачваў, многае ў прафесіі не атрымалася б. Менавіта тады зразумеў, што такое
каманда, як важна адчуваць яе падтрымку. Мне як маладому работніку было цяжкавата. Дзякуй усім, хто дапамагаў. Я і сам потым з задавальненнем вучыў сваіх пераемнікаў, думаю, выхаваў дастойную змену, – расказвае ветэран-торфабрыкетчык.
Свой вопыт і прафесіяналізм Віктар Суржыцкі развіваў і ўдасканальваў у рацыяналізатарскай справе. На рахунку вопытнага майстра не адзін дзясятак рацыяналізатарскіх вынаходніцтваў і прапаноў. Многія з іх давалі істотны вынік як эканамічны, так і ў плане арганізацыі справы, тэхнікі бяспекі. Напрыклад, чаго толькі вартая мадэрнізацыя часткі рухавіка, што, дазволіла абсталяванню працаваць у далейшым без перагрэву, што, адпаведна, павялічыла тэрмін эксплуатацыі.

Віктар Суржыцкі доўгі час быў майстрам-электрыкам, потым саступіў месца маладым.
Гэта яго партрэт у 2021 годзе ўпрыгожваў раённую Галерэю славы. У скарбонцы адзнак за працу ў Віктара Суржыцкага – Ганаровая грамата ДПА «Белпалівагаз», званне «Ганаровы работнік газавай і паліўнай прамысловасці», юбілейны знак да 100-годдзя тарфяной прамысловасці і разнастайныя граматы і падзякі за працоўную доб-
лесць. Хоць і нарадзіўся і правёў дзяцінства на Віцебшчыне, Тухавічы сталі для яго другой малой радзімай, дзе ажаніўся, дзе нарадзіліся дзеці, дзе і сёння жыве разам з жонкай. Ён свой сярод сваіх. А дзякуючы працавітасці, уменню выслухаць і дапамагчы, справядлівасці і адказнасці карыстаецца заслужаным аўтарытэтам як сярод аднавяскоўцаў, так і сярод завадчан.

А яшчэ, Віктар Суржыцкі – прадаўжальнік сямейнай дынастыі торфабрыкетчыкаў. Бацька Іван Канстанцінавіч працаваў машыністам, маці Пелагея Кузьмінічна – у мясцовым дзіцячым садку.
– Віктар Суржыцкі – прыклад адданасці справе і калектыву, прафесіяналізму, умення наладжваць кантакты з людзьмі. Якія б абавязкі ён ні выконваў, ніколі не было ні нараканняў, ні праблем. Не толькі добрасумленна і паспяхова працаваў сам, але заўжды стараўся дапамагчы іншым, перадаваў уласны вопыт маладым работнікам, – адзначае дырэктар завода Уладзімір Гунько.
Красавіцкія дні 2024 года асаблівыя ў працоўнай біяграфіі Віктара Суржыцкага. Ветэран працы адпраўляецца на заслужаны адпачынак.
– Канешне, крыху сумна, бо завод даўно стаў маім другім домам. Тут усе, як адна вялікая сям’я, дзе вельмі камфортна і дружна. Са спакойным сэрцам іду на пенсію. Упэўнены, тыя, хто застаюцца тут працаваць, не падвядуць. А калі спатрэбіцца і мая дапамога,
абавязкова падтрымаю. Інакш нельга, не маю права, – сцвярджае Віктар Суржыцкі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


