Каб сэрца не балела. 29 верасня ў больш як 100 краінах адзначаецца Сусветны дзень сэрца

Па-ранейшаму сардэчна-сасудзістыя захворванні з’яўляюцца асноўнай прычынай смяротнасці ў свеце. Ацэнка рызыкі сардэчнага прыступу ці інсульту – першы крок у распрацоўцы рэкамендацый па прафілактыцы ССЗ. Прычым рызыка разлічваецца асобна для трох катэгорый: для асоб, якія не маюць такога кшталту хвароб, для тых, у каго ў анамнезе ёсць ССЗ, а таксама для грамадзян, якія хварэюць на цукровы дыябет, хранічныя захворванні нырак і маюць высокую рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Адпаведна ўзросту чалавека, яго полу, артэрыяльнаму ціску, узроўню халестэрыну, шкодным звычкам класіфікуецца нізкі, умераны, высокі ці вельмі высокі ўзровень рызыкі. Дадаткова трэба ўлічваць і наступныя фактары: псіхасацыяльныя, сацыяльна-эканамічныя, навакольнае асяроддзе.
У паспяховасці прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў многае залежыць ад узаемадзеяння ўрача і пацыента. Тычыцца гэта і абавязковага прыёму лякарстваў, прапісаных урачом. Сярод агульных рэкамендацый незалежна ад рызыкі захворвання –
адмова ад курэння, здаровы лад жыцця, правільнае харчаванне, падтрыманне аптымальнай вагі цела і дастатковай фізічнай актыўнасці, падтрыманне сісталічнага артэрыяльнага ціску ніжэй за 160 мм рт. сл.
Прынцыпы здаровага харчавання арыентаваны на міжземнаморскую ці аналагічныя дыеты. Неабходна замяніць насычаныя тлушчы (імі багатыя фаст-фуды, чырвонае мяса), на ненасычаныя тлушчы (аліўкавы алей, авакада). Варта зменшыць ужыванне солі і цукру, аддаць перавагу фруктам, агародніне, арэхам, ужываць рыбу хаця б раз у тыдзень.
Аптымальныя паказчыкі, якія неабходна дасягаць пры лячэнні, – сісталічны артэрыяльны ціск ніжэй за 130 мм рт. сл., халестэрын ліпапра-тэінаў нізкай шчыльнасці ніжэй за
1,8 мілімоля на літр (для лю-дзей з высокай рызыкай) ці ніжэй
1,4 мілімоля на літр (для людзей з вельмі высокай рызыкай).
Стаціны з’яўляюцца прэпаратамі першай лініі для пацыентаў, якім неабходна прымаць лекавыя сродкі для зніжэння халестэрыну. Калі лячэнне выключна стацінамі не прыносіць неабходны вынік, то рэкамендуецца камбінацыя стацінаў з іншымі гіпаліпідэмічнымі прэпаратамі. Канчатковы паказчык для асоб, якім патрабуюцца лякарствы для зніжэння артэрыяльнага ціску, павінен дасягаць 120–130 мм рт. сл.,
а для большасці дарослых ва ўзросце да 70 гадоў – 140 мм рт. сл. Для асоб з дыягназам «цукровы дыя-бет» важна кантраляваць паказчык глікіраванага гемаглабіну, які павінен складаць ніжэй за 7 працэнтаў.
Выконвайце рэкамендацыі
і будзьце здаровыя.

Алена ІВАНОВА,
урач агульнай практыкі
УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ».