Малайцы! Выхаванцы і педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Ляхавічы падвялі вынікі творчай работы за навучальны год /фота/

Выстава работ на розны густ, упрыгожаная сцэна гарадскога Дома культуры нагадвае казку, па-святочнаму апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі ад першаклашак да выпускнікоў, хвалююцца строгія і ўважлівыя педагогі і ўзрушаныя бацькі. Усе гэтыя атрыбуты і моманты мала падобныя на бацькоўскі сход. Але менавіта такое мерапрыемства ў форме фестывалю пад назвай “Гэты цудоўны свет дзяцінства” сабрала ў мінулую суботу ў ГДК рабят, якія займаюцца ў гуртках цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, іх педагогаў і бацькоў. Быў падрыхтаваны справаздачны канцэрт з элементамі тэатралізацыі пра тое, што зроблена, дасягнута за навучальны год.

Як расказала дырэктар ЦДАДіМ Людміла Юнік, у 115 гуртках дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, мастацкай самадзейнасці займаюцца каля паўтары тысячы юных ляхавічан. Дзяцей сюды цягне, нібы магнітам, таму што ўсе яны таленавітыя, тут дапамагаюць раскрыць патэнцыял кожнага выхаванца, незалежна ад таго, колькі яму гадоў.

Умовы для заняткаў у цэнтры проста выдатныя — яшчэ адно пацвярджэнне дзяржаўнага клопату пра падрастаючае пакаленне. Пакоі абсталяваны ўсім неабходным, а эстэтычнаму аздабленню і іншаму дызайнерскаму антуражу пазайздросцяць і жыхары вялікіх гарадоў. Яшчэ адзін адметны і важны бок паспяховасці і папулярнасці ЦДАДіМ – апантаныя, таленавітыя, творчыя, энергічныя педагогі, якія бязмежна любяць дзяцей, з задавальненнем і радасцю дзеляцца з імі сакрэтамі свайго майстэрства. У гэтым вялікім доме ніхто не лішні, што і пацвердзіў фестываль.

Нямала жадаючых было падзівіцца на шматлікія экспанаты выставы ў фае ГДК. Нібы зачараваныя, спыняліся рабяты і дарослыя каля работ гурткоўцаў з “Фотамагіі” (кіраўнік Анжэла Грынь). Вазончык, бранзалет, карціна, каралі розных колераў і адценняў. Што іх аб’ядноўвае? Матэрыял, з якога зроблены, — бісер. І міжволі позірк прыцягваюць вырабы, аўтарам якіх з’яўляецца Віталій Страмавус. Дзіўныя ўзоры прыдумалі Алена Новік для сваёй карціны, Дар’я Шалік для распісных талерачак. Дзяўчынкі ўсім тонкасцям вучацца ў гуртку “Батык” (кіраўнік Алена Макарэвіч). Акуратнасці, вытрымкі, цярплівасці і разам з тым натхнення патрабуе разьба па дрэве. Але, напрыклад, у Паўла Пранчака, Андрэя Лойкі, Улада Тумаша усё адладжана да аўтаматызму. А калі раптам нешта не атрымліваецца, абавязкова дапаможа вопытны кіраўнік Уладзімір Лісок. Увогуле, усе экспазіцыі захапляюць. І нават не верыцца, што прыгожыя рэчы з бісеру сплецены пачаткоўцамі Валяй Сяўрук, Насцяй Кабяшовай, Дашай Сяргей… Сапраўдны ажыятаж назіраўся каля выставы, дзе ўтульна размясціліся слонікі, дыназаўры, мядзведзяняты, зайцы, коцікі і сабачкі — мяккія цацкі, пашытыя на занятках гуртка і з дапамогай педагога Надзеі Садоўскай. Валёнкі з лямцу — рэч вядомая, але аказваецца, што з такой сыравіны можна рабіць карціны, упрыгожванні, фігуркі птушак. Не верыце? Прыходзьце на заняткі да Таццяны Нагорнай у гурток “Лямцавы дызайн”.

А ў глядзельнай зале тым часам разгортвалася тэатральнае дзейства па матывах тэлефільма “Навагоднія прыгоды Машы і Віці”, галоўныя ролі ў якім выконвалі Ульяна Давідоўская і Глеб Сідор. Яны разам з казачнай феяй і гледачамі завочна падарожнічалі па ўсіх гуртках. Усходняя царыца Шахеразада расказала пра цудоўны гурток “Лепка”. А Кот Базіліа прасіў дапамагчы… старымі рэчамі (шляпамі, паліто), матэрыял якіх незаменны для многіх вырабаў.

У гэтым казачным шоу было шмат любімых дзятвой герояў, і кожнага зала сустракала апладысментамі, як і выступленні танцораў, спевакоў, музыкантаў. У сучасных рытмах пастаўлены танцавальныя нумары для груп “Гарэзы” і “Элтан” (кіраўнік Таццяна Герус). Дзяўчынкі танцавалі выдатна, а найбольш залу ўзарвала выступленне ў стылі “хіп-хоп” хлопчыкаў. Паспяховым стаў дэбют групы “Імпульс” пад кіраўніцтвам Марыі Дубіна, якая яшчэ некалькі гадоў назад была актыўнай гурткоўкай і займалася, у тым ліку, аэробікай.

Улада Саракавік, Кірыл Праневіч, Настасся Свянтэцкая, Настасся Валчэцкая пакарылі сваімі вакальнымі данымі і артыстызмам. Цішыня ўсталявалася ў зале, калі пад акорды гітары загучала песня-балада “Вішня” ў выкананні Валерыі Косцінай. Немагчыма пералічыць усіх рабят, якія дастойна прадставілі сябе і свае гурткі са сцэны ГДК. Яны ўсе малайцы! Як і іх дарослыя сябры – педагогі і бацькі. Менавіта бацькам за такіх таленавітых дзяцей дзякавала напрыканцы фестывалю Людміла Юнік, многія з іх былі адзначаны падзякамі ЦДАДіМ – за супрацоўніцтва, падтрымку і дапамогу.

А прыняць удзел у падарожжы ў цудоўны свет дзяцінства можа кожны жадаючы. Цэнтр з нецярпеннем чакае даўніх і новых сяброў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


One thought on “Малайцы! Выхаванцы і педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Ляхавічы падвялі вынікі творчай работы за навучальны год /фота/

  • 16/04/2014 в 23:19
    Permalink

    Замечательно, что педагоги творческие и неравнодушные. Поэтому и бегут к ним дети и благодарны родители за своих детей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *