Пытанні вясковага характару. З якімі пытаннямі звярнуўся на гарачую лінію «ЛВ» жыхар вёскі Пад’язаўле Ляхавіцкага раёна?

Просьба разабрацца ў сітуацыі прагучала падчас чарговага тэлефоннага званка на гарачую лінію «ЛВ». Жыхар вёскі Пад’язаўле ўзняў некалькі тэм.

Чаму не прыехала аўталаўка?


Адно з пытанняў тычылася работы аўталаўкі. Стацыянарнай гандлёвай кропкі тут ужо даўно няма, а магазін на колах павінен прыязджаць у Пад’язаўле двойчы на тыдзень: па панядзелках і чацвяргах. Але, па словах вяскоўца, графік пастаянна парушаецца, іншы раз аўталаўка прыбывае са спазненнем на некалькі гадзін. А ў мінулы чацвер, 18 студзеня, жыхары Пад’язаўля (а гэта ў асноўным пажылыя людзі) магазіна на колах так і не дачакаліся. Вяскоўцы патэлефанавалі ў райпо, дзе ім патлумачылі: маўляў, дарогі засыпала снегам, і дарожнікі не паспелі пракласці шлях для аўталаўкі.
За афіцыйным тлумачэннем сітуацыі «ЛВ» звярнуўся да старшыні праўлення райпо Васілія Некрашэвіча:
– Як толькі снегапады ці іншыя неспрыяльныя ўмовы надвор’я могуць перашкодзіць рабоце аўталавак, паведамляем у дарожныя арганізацыі. Разумеем, што не заўжды яны паспяваюць своечасова разабрацца з усімі дарожнымі праблемамі з-за наступстваў стыхіі. Як гэта здарылася і ў мінулы чацвер па дарозе на Пад’язаўле, куды не прыехала аўталаўка. Калі б ад жыхароў вёскі паступіла просьба, то адправілі б у гэты населены пункт аўтамагазін, як толькі дазволіў стан дарог. Што датычыць захавання графіка, то адсочваем работу аўталавак па ўсіх маршрутах. Калі і бываюць збоі, то яны ў дзясяткі хвілін – не больш. Праўленне райпо разумее, наколькі важна якаснае гандлёвае абслугоўванне для жыхароў вёсак, дзе няма стацыянарных магазінаў.
Старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак адзначыў, што нараканняў на работу аўталавак ад жыхароў сельсавета не паступае, а сітуацыя, якая склалася 18 студзеня ў Пад’язаўлі, хутчэй выключэнне з правілаў, чым пастаянная праблема.

Ад аўтобуснага прыпынку – толькі шыльда і назва


Наступнае пытанне, якое хвалюе жыхара Пад’язаўля, таксама агульнавясковай важнасці. Аўтобусны прыпыначны пункт раней знаходзіўся непасрэдна ў вёсцы, а потым яго перанеслі за яе межы. Прыпынак зусім неўладкаваны: няма ні навеса, ні лавачкі, каб у больш-менш камфортных умовах дачакацца аўтобуса. Калі ўлічыць, зноў жа, узрост большасці тутэйшых жыхароў, то няцяжка зразумець іх абурэнне.
– Такая праблема існуе. Сельвыканкам падаваў заяўку ў ДРБУ-200, на чыім балансе знаходзяцца аўтобусныя прыпынкі, аб неабходнасці ўладкавання аб’екта. Яшчэ на 2023 год была запланавана ўстаноўка новага аўтобуснага павільёна, аднак работы так і не выкананы. Устаноўка аб’екта перанесена на 2024 год, – расказаў старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак.
Ці будзе каля Пад’язаўля сёлета камфортны аўтобусны прыпынак?
На пытанне раёнкі адказаў начальнік ДРБУ-200 Максім Муха:
– У мінулым годзе не паспелі ўстанавіць павільён каля Пад’язаўля, таму перанеслі ўстаноўку на 2024 год.
Увогуле, сёлета запланавана ўстаноўка 36 новых павільёнаў на дарогах раёна.
Кожная адзінка прадугледжвае мінімальны набор: пасадачная пляцоўка, лаўка, урна. Праектам такіх прыпынкаў навес не прадугледжаны.

Галіна КАНЬКО.