Кадравы жнівень. Жнівень для многіх маладых людзей у Ляхавіцкім раёне адпраўная кропка ў кар’еры

У Ляхавіцкім РАУС таксама ўліванне маладых сіл. З канца ліпеня
на варце спакою і бяспекі жыхароў раёна – і сёлетні выпускнік Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі наш зямляк Уладзіслаў Зубік. Першае месца службы лейтэнанта міліцыі – аддзяленне крымінальнага вышуку. Вопытам і ведамі з маладым калегам будзе дзяліцца старшы оперупаўнаважаны з 17-гадовым стажам службы Андрэй Чаранкевіч. У РАУС стала больш і на адну прадстаўніцу прыгожай паловы. Пасля курсаў перападрыхтоўкі інспектарам у крымінальна-выканаўчай інспекцыі працуе былы настаўнік Тухавіцкай СШ Дар’я Сталярчук.

– Надаём значную ўвагу прафарыентацыі, сустракаемся са стар-шакласнікамі гарадскіх і сельскіх школ, расказваем пра міліцэйскія прафесіі, арганізоўваем экскурсіі ў райаддзел унутраных спраў. І такая работа дае плён. Курсантам Акадэміі МУС, вытрымаўшы ўсе экзамены, стаў сёлетні выпускнік з Ляхавічаў Ягор Пятроўскі. У Акадэмію МУС залічаны яшчэ адзін ляхавічанін Мікіта Болтуць, ён – будучы супрацоўнік Следчага камітэта, – расказвае намеснік начальніка РАУС Мікалай Смаршчок.
Кадравае папаўненне і ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Выратавальнік-пажарны ПАВЧ № 1 у горадзе Ляхавічы Мікіта Макавецкі (на здымку) – прадаўжальнік сямейнай дынастыі Макавецкіх. Бацька больш за дзесяцігоддзе быў утаймавальнікам агню і ліквідатарам надзвычайных сітуацый.
Два навічкі спасцігаюць азы майстэрства здабычы і перапрацоўкі торфу на ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі».
– На завод па размеркаванні прыехаў выпускнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Павел Кляўзо, які заняў пасаду майстра па здабычы торфу. Папаўненне і ў радах механізатараў. З дыпломам Ганцавіцкага агракаледжа механізатарам прыняты на работу Кірыл Філіповіч. Як і належыць па заканадаўстве, а таксама згодна з калектыўным дагаворам для маладых спецыялістаў прадугледжаны пэўныя прэферэнцыі, у тым ліку пры неабходнасці і кампенсацыя за здым жылля, – адзначае дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.
У арганізацыях Ляхавіцкага райпо таксама чарговы прыход маладых спецыялістаў. Два прадаўцы пасля заканчэння Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа прыступілі да работы ў гандлёвых кропках райпо ў райцэнтры. Выпускнік Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа размеркаваны эканамістам у райпо. Сярод навабранцаў
і вадзіцель.
Пасля заканчэння Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта вярнулася на малую радзіму ў Ляхавічы Ірына Вількевіч. Працоўную біяграфію малады спецыяліст пачне з пасады інжынера-тэхнолага ўчастка «каналізацыйная гаспадарка» КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Цяпер самае галоўнае, каб моладзь замацавалася на Ляхавіччыне. А для гэтага неабходна стварыць умовы для яе прафесійнага
росту, камфорту ў жыллёва-бытавым плане і культурным адпачынку.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.