Як спалучаецца «Каласок» са спортам. У СДЮШАР Ляхавіцкага раёна працуе аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем «Каласок

Аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем «Каласок» з 7 жніўня зноў расчыніў дзверы на базе СДЮШАР. Тут усё як ва ўсіх: вызначаны распарадак дня, збалансаванае трохразовае харчаванне і насычаная праграма адпачынку.

Разам з тым маецца істотнае адрозненне лагера – фізкультурна-спартыўны ўхіл. Тут адпачываюць 50 юных дзюдаістаў, гандбаліс-таў, футбалістаў і лёгкаатлетаў СДЮШАР. Штодзень яны займаюцца трэніроўкай. Разнастайныя эстафеты і спартландыі, гульні змяняюць паходы ў кіно, бібліятэку, сустрэчы і экскурсіі.
– Працягласць змены – 18 дзён. Лагер на базе СДЮШАР традыцыйны, але стараемся кожны раз прыдумаць нешта цікавае. Зараз запланавалі паездку ў Баранавічы з наведваннем музея чыгуначнай тэхнікі. На веласіпедах паедзем па гістарычных мясцінах роднага краю, – дзеліцца планамі намеснік дырэктара СДЮШАР Валянціна Ганчар.
З прафілактычнай місіяй наведваюць спартсменаў і супрацоўнікі РАНС, РАУС і аддзялення па ахове аб’ектаў горада Ляхавічы.
Днямі, напрыклад, супрацоўнікі АДАІ правялі прафілактычнае мерапрыемства ў рамках абласной акцыі «За бяспеку дзяцей сумеснымі намаганнямі», падчас якога нагадалі пра важнасць выканання правілаў дарожнага руху і павышаную ўвагу на праезнай частцы.
Вельмі даспадобы рабятам прыйшліся сняданкі, абеды і падвячоркі ў рэстаране «Ластаўка». Райпо ўзяло на сябе адказнасць за харчаванне адпачываючых «Каласка». Бацькоўская даплата ў залежнасці ад узросту склала ад 30 да 60 рублёў, а поўны кошт пуцёўкі –
ад 154 да 184 рублёў.
– Развіццё спартыўных здольнасцяў і адпачынак рабят арганізаваны з захаваннем усіх санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў і стварэннем бяспечных умоў знаходжання. Стараемся, каб дзецям усё спадабалася, – дапаўняе карціну адпачынку дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
Некаторыя рабяты ўжо не могуць уявіць свае канікулы без лагера. Хтосьці з іх адпачываў у «Каласку» ў чэрвені на першай змене і выкарыстаў магчымасць яшчэ раз карысна і цікава правесці вольны час.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Юныя спартсмены падзяліліся з «ЛВ» уражаннямі ад адпачынку:

Сяргей ЛАБАНАЎ, 16 гадоў:
– У спартыўным лагеры я не першы раз. Што сядзець дома каля тэлевізара! У «Каласку» мы гуляем, ходзім у кінатэатр. А яшчэ нас смачна кормяць у рэстаране. У спартсменаў не можа быць перапынкаў у занятках. Займаюся лёгкай атлетыкай. Каб дасягнуць поспеху, лічу правільным сумяшчаць адпачынак з трэніроўкамі.
Канстанцін РАМЕЙКА, 11 гадоў:
– У лагеры нам весела і добра. Трэніроўкі не стамляюць, а наадварот, настройваюць на вынік. Падабаецца, што трэнеры праводзяць з намі шмат часу – з імі цікава. Быў у «Каласку» ў чэрвені,
захацеў адпачыць яшчэ на адной змене.
Займаюся гандболам, трэніроўкі толькі на карысць.