Дызайн па-медыцынску. На гэтым тыдні прайшоў маніторынг санітарна-тэхнічнага стану будынкаў падраздзяленняў Ляхавіцкай ЦРБ

У сёлетнім Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу былі расстаўлены і медыцынскія акцэнты. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе аб’екты аховы здароўя павінны быць узорам камфорту і стэрыльнасці. Напрыканцы мая Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па актуальных пытаннях аховы здароўя, па выніках якой дадзены даручэнні па стварэнні ўмоў для аказання якаснай меддапамогі насельніцтву, асаблівая ўвага – вяскоўцам.

Пастаўленыя Прэзідэнтам задачы ў галіне аховы здароўя вырашаюцца і ў Ляхавіцкім раёне. Паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база медустаноў, праводзяцца рамонтна-аднаўленчыя работы. За апошнія паўгода істотна абнавіліся ФАПы і амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. На гэтым тыдні прайшоў маніторынг санітарна-тэхнічнага стану будынкаў падраздзяленняў Ляхавіцкай ЦРБ з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Галіны Бацэнка, галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Георгія Хлябовіча, старшыні прафсаюзнай пярвічкі райбальніцы Сяргея Памазанскага, карэспандэнтаў «ЛВ». У цэнтры ўвагі – Русінавіцкі, Рачканскі, Тальмінавіцкі ФАПы.
Малады спецыяліст Ганна Маскадынава, якая загадвае Русінавіцкім ФАПам, з зада-вальненнем расказвае пра рамонтнае абнаўленне. На сцены нанесена вільгацеўстойлівае пакрыццё, замененыя свяцільні дапаўняюць адрамантаваную столь, абноўлена падлога, новая плітка і ў працэдурным пакоі.
– Мы абслугоўваем 633 чалавекі, у тым ліку 131 дзіцё, з Русінавіч, Гаслаўшчыны, Жарскіх. Наведвальнікаў штодня нямала, і важна, каб кожны адчуваў сябе камфортна, каб было чыста, – адзначае Ганна Маскадынава.


Пасуе зроблены рамонт і Рачканскаму ФАПу (на здымку). Не хавае радасці і задавальнення ад абнаўлення інтэр’еру загадчык медустановы Марына Бубенчык. За сродкі райбальніцы і, дзя-куючы спонсарскай дапамозе СВК «Ляхавіцкі», адрамантаваны адмостка будынка, ганак цэнтральнага і аварыйнага ўваходаў, абноўлены фасад, заменены ўваходныя дзверы і пакрыццё падлогі ў пакоі акушэркі, свяцільні ў пакоі прыёму пацыентаў, памяшканні захоўвання інвентару, санвузле, пафарбаваны сцены ў некаторых пакоях.
Рознакаляровым кветкавым дываном сустракае Тальмінавіцкі ФАП. Унутры будынка – чыста, акуратна, як і павінна быць у медустанове. Аўтары такога парадку – загадчык ФАПа Галіна Коршун і санітарка Галіна Сокал. Касметычны рамонт тут зроблены за сродкі і сіламі райбальніцы. Дарэчы, як адзначыў Сяргей Памазанскі, менавіта сюды прыязджаюць маладыя спецыялісты, каб павучыцца прафесіяналізму ў Галіны Коршун.
Рабочая група дала станоўчую адзнаку зробленаму на пералічаных аб’ектах і акрэсліла задачы на перспектыву
ў плане рамонтна-аднаўленчых работ.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галіна БАЦЭНКА, намеснік старшыні райвыканкама:
– Беларусь – сацыяльная дзяржава. Захаванне здароўя беларусаў, даступнасць аказання меддапамогі на ўсіх узроўнях, тэхнічнае аснашчэнне медыцынскіх падраздзяленняў – далёка не поўны пералік таго, чаму ў нашай краіне надаецца значная ўвага на дзяржаўным узроўні. Напэўна, жыхары Ляхавіччыны бачаць, як апошнім часам істотна папаўняецца сучасным медыцынскім абсталяваннем Ляхавіцкая ЦРБ, адна з нядаўніх абновак – камп’ютарны тамограф, які значна павысіць якасць дыягностыкі многіх захворванняў. Зроблена нямала і ў плане рамонту, і ў добраўпарадкаванні тэрыторыі. Але работы не спыняюцца, яны будуць прадоўжаны і далей. Падкрэслю, жыхары сельскай мясцовасці павінны быць ахоплены не меншай увагай, забяспечаны ўсім комплексам першасных медыцынскіх паслуг і атрымліваць іх у камфортных умовах.

Георгій Хлябовіч, галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ»:
– У Ляхавіцкім раёне адсутнічае тэндэнцыя закрыцця дзеючых ФАПаў. Прадаўжаем матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне сельскіх устаноў аховы здароўя, падтрымліваем і ўдасканальваем іх санітарны стан, эстэтычны выгляд. Пачынаючы з красавіка 2023 года, у большасці амбулаторый і ФАПаў праведзены касметычны рамонт. Значную матэрыяльную дапамогу аказалі сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны: СВК «Ляха-віцкі», ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», «Нача», ЗАТ «Белпрампрыбор». Імкнёмся трымаць на пастаянным кантролі ўсё, што тычыцца навядзення парадку як унутры будынкаў, так і на тэрыторыі медустаноў. Асаблівая ўвага – кадраваму пытанню. Нагадаю, што са жніўня да работы ў нас прыступілі 11 урачоў і 17 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага звяна. Многія з іх будуць працаваць у сельскай мясцовасці.

Сяргей ПАМАЗАНСКІ, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Ляхавіцкай райбальніцы:
– Канешне, важна, каб для наведвальнікаў устаноў аховы здароўя былі створаны камфортныя ўмовы. Але не менш важна забяспечыць зручнасць і бяспеку для медыцынскіх работнікаў. У прафкаме дзейнічае камісія па ахове працы, члены якой выязджаюць па нашых падраздзяленнях. Абследуем умовы, выдаём рэкамендацыі. Зробленае ў плане рамонту за апошні час унушальнае. Прыгожыя, уладкаваныя тэрыторыі ФАПаў – у многім заслуга тутэйшых работнікаў. Добрым стымулам з’яўляецца штогадовае падвядзенне вынікаў конкурсу добраўпарадкавання.